Мінск 07:47

Дэлегацыя УС Беларусі ўдзельнічае ў контртэрарыстычных вучэннях у Іране

Фота: Мінабароны

1 траўня, Позірк. Беларуская вайсковая дэлегацыя бярэ ўдзел у камандна-штабных вучэннях “Пояс бяспекі 2024”, якія праходзяць у Тэгеране (Іран), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Узначальвае дэлегацыю начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сіл Аляксандр Бас.

Ведамства адзначае, што падчас вучэнняў “беларускія вайскоўцы сумесна з іранскімі калегамі адпрацоўваюць пытанні барацьбы з тэрарыстычнымі фарміраваннямі”.

Начальнік дэпартамента міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Мінабароны Валерый Равенка на сваёй старонцы ў сацсетцы X (былы “Твітар”) вызначыў мэтай вучэнняў “барацьбу з тэрарызмам”.

27 красавіка міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Махамадам Ашціяні заявіў пра гатоўнасць Беларусі “развіваць і ўмацоўваць” супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцый.

Сустрэча прайшла ў Астане (Казахстан) у рамках нарады міністраў абароны краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Ашціяні ў сваю чаргу заявіў, што Іран і Беларусь “падзяляюць погляды па асноўных рэгіянальных і міжнародных праблемах і заўсёды падтрымлівалі пазіцыі адзін аднаго”. Ён падкрэсліў “высокі патэнцыял” дзвюх краін” у вайсковым і абаронным сектарах”, адзначыўшы “гатоўнасць Тэгерана да больш цеснага супрацоўніцтва з Мінскам”.

Падзяліцца: