Мінск 02:49

Масква праз Рассупрацоўніцтва распаўсюджвае ўплыў на ўсю Беларусь, лічыць Латушка

Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва — "рускі дом" — у цэнтры Гродна
Фота: Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў

2 траўня, Позірк. Рэальная мэта Рассупрацоўніцтва заключаецца ў захопе краін з іх наступным уключэннем у склад Расіі, такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

У апублікаваным 2 траўня відэазвароце палітык назваў гэтае ведамства адным з афіцыйных інструментаў расійскай “мяккай сілы”. Паводле яго слоў, Рассупрацоўніцтва (поўная назва — Федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве) было створанае для рэалізацыі палітыкі РФ праз укараненне ідэй “русского мира” (“рускага свету”) за мяжой, у тым ліку ў Беларусі.

Яно ж з’яўляецца “галоўным маторам па прасоўванні гібрыднага ўплыву Крамля”. “На працягу многіх гадоў Рассупрацоўніцтва дзейнічае як парасонавая арганізацыя для сеткі расійскіх агентаў уплыву, а таксама фінансуе розныя праекты публічнай дыпламатыі і прапаганды, кансалідуючы дзейнасць прарасійскіх гульцоў і распаўсюджваючы крамлёўскія наратывы”, — патлумачыў Латушка.

Дзейнасць Рассупрацоўніцтва, сказаў палітык, многія краіны лічаць небяспечнай, такой, якая стварае пагрозу нацыянальным інтарэсам і бяспецы.

Дзейнічаючы праз Рассупрацоўніцтва ў Беларусі, расійскія ўлады пад выглядам супрацы “ажыццяўляюць банальны захоп пад сваё кіраўніцтва” і распаўсюджваюць уплыў на ўсю краіну. Спекулюючы на тэме бяспекі, яны “ўцягнулі Беларусь у вайну супраць Украіны і стварылі рэальную пагрозу жыццю ўсяму насельніцтву”. Спекуляцыямі на тэме суверэнітэту яны “пазбаўляюць Беларусь элементарнай дзяржаўнай самастойнасці”, адзначыў Латушка.

Аляксандр Лукашэнка са сваімі набліжанымі гэтаму садзейнічае, прычым робіць гэта, перакананы намеснік кіраўніцы АПК, “толькі дзеля захавання ўласнай улады”.

“Нелегітымныя ўлады Беларусі даюць карт-бланш “рускім дамам” (альтэрнатыўная назва Расійскіх цэнтраў навукі і культуры, РЦНК. — “Позірк”.), у процівагу якім ім няма чаго прапанаваць, — сказаў ён. — Пакуль прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі рэпрэсуюць і заганяюць у падполле, любая актыўнасць пагражае ім турмой, прарасійскія дзеячы маюць невычэрпную паводле мясцовых мерак фінансавую падтрымку Рассупрацоўніцтва”.

2 красавіка ў Гродне адкрыўся чацвёрты ў Беларусі РЦНК. Раней яны з’явіліся ў Мінску, Брэсце і Гомелі. У шэрагу краін гэтыя цэнтры дзейнічаюць як прадстаўніцтвы Рассупрацоўніцтва, дэкларуючы сваёй мэтай прасоўванне рускай мовы, навукі і культуры.

Сваёй місіяй Рассупрацоўніцтва, якое працуе ў 62 краінах (73 прадстаўніцтвы), называе “ўзмацненне гуманітарнага ўплыву Расіі ў свеце”. У рэальнасці ж яго аддзяленні займаюцца прапагандай палітыкі Крамля і сярод іншага распаўсюдам наратываў, якія апраўдваюць агрэсію ва Украіне.

Рассупрацоўніцтва было партнёрам фотавыставы пра “злачынствы кіеўскага рэжыму”, якая сёлета ў студзені адкрылася ў мінскім філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта.

Паводле даных праваабарончай арганізацыі Lawtrend, за перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца сакавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш як 1.601 некамерцыйная арганізацыя. У іх ліку нацыянальна арыентаваныя аб’яднанні — Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў ды інш.

Падзяліцца: