Мінск 01:50

Еўрапарламент і беларускія дэмсілы падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве (дапоўнена)

Фота: Аб'яднаны пераходны кабінет

3 траўня, Позірк. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі Еўрапейскі парламент і беларускія дэмакратычныя сілы.

Цырымонія адбылася 3 траўня на Мальце ў рамках візіту ў гэтую краіну дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Ад Еўрапарламента подпіс пад дакументам, які афіцыйна называецца “Ліст аб намеры супрацоўніцтва”, паставіла спікер Раберта Метсола — мальтыйскі палітык, якая займае гэтую пасаду са студзеня 2022 года.

Як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, у пагадненні падкрэсліваецца, што бакі “поўныя рашучасці ўмацоўваць адносіны” ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Еўрапейскага парламента ад 13 верасня 2023 года аб сувязях з Беларуссю. Асуджаюцца “беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі і сістэмныя і масавыя парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму Лукашэнкi, якія могуць быць прыраўнаваныя да злачынстваў супраць чалавечнасці”. Выказваецца салідарнасць з народам, дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную краіну. Прызнаецца “адважная барацьба беларускага народа за ўстанаўленне дэмакратыі, захаванне незалежнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці на фоне дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які небяспечна падрывае суверэнітэт Беларусі, ператвараючы яе ў дзяржаву — сатэліт Расіі”.

У дакуменце адзначаецца, што Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) і Каардынацыйная рада (КР) “павінны разглядацца міжнароднай супольнасцю як прадстаўнікі народа Беларусі”.

Згодна з пагадненнем Еўрапарламент “імкнецца працягваць маніторынг унутранай сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасці парушэнняў правоў чалавека, стану палітычных зняволеных і іншых асоб, якія праследуюцца па палітычных матывах, журналістаў, праваабаронцаў, прафсаюзных актывістаў, меншасцяў і няўрадавых арганізацый, спроб рэжыму легітымізаваць сябе, у тым ліку шляхам фіктыўных выбараў, удзелу рэжыму ў неапраўданай агрэсіўнай вайне і ваенных злачынствах Расіі супраць Украіны; пагроз, што зыходзяць ад рэжыму Лукашэнкі ў бок ЕС, і мер, накіраваных на падрыў правоў і свабод беларусаў за мяжой”.

Бакі “вядуць рэгулярны дыялог, накіраваны на развіццё ўмоў для ажыццяўлення дэмакратычнага транзіту ў Беларусі”. Інстытутам і дзяржавам — сябрам ЕС будуць прапаноўвацца далейшыя крокі па ўзмацненні ціску на беларускі рэжым.

Еўрапарламент і дэмсілы працягнуць патрабаваць прыцягнення рэжыму да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека, злачынствы супраць чалавечнасці, саўдзел у вайсковых злачынствах і агрэсіі супраць Украіны.

Бакі будуць працаваць над змякчэннем праблем палітэмігрантаў у краінах знаходжання, падтрымліваць дадатковыя меры па наданні дапамогі дэмакратычным сілам і актывістам грамадзянскай супольнасці, праваабаронцам, незалежным СМІ і прафсаюзам. “Гэтая дапамога прадастаўляецца ў тым ліку праз праграму EU4Belarus і нарошчванне патэнцыялу, навучання, ініцыятыў настаўніцтва і адукацыйных магчымасцяў”, — гаворыцца ў дакуменце.

Група па падтрымцы дэмакратыі і каардынацыі выбараў Еўрапарламента будзе “садзейнічаць умацаванню патэнцыялу і тэхнічнай экспертызы КР і АПК з мэтай садзейнічання дэмакратычнаму транзіту ў краіне і падтрымання незалежнасці і суверэнітэту Беларусі”, дапамагаць у “стратэгічных камунікацыях”, падтрымліваць праваабаронцаў, незалежных журналістаў, працягваць намаганні па забеспячэнні вызвалення палітвязняў.

Падзяліцца: