Мінск 02:45

Беларусы сталі менш наведваць Грузію

Крыніца: tutu.ru

5 траўня, Позірк. У студзені — сакавіку 2024 года Грузію наведалі 17.236 грамадзян Беларусі — на 6,3% менш, чым у першым квартале 2023-га (18.400), вынікае са звестак Нацыянальнай адміністрацыі турызму гэтай краіны.

У 2019 годзе ў гэты перыяд Грузію наведала 6.547 беларусаў, за пяць гадоў колькасць вырасла ў 2,63 раза.

У першым квартале гэтага года грамадзяне Беларусі сталі 10-й нацыянальнай групай па колькасці наведванняў Грузіі.

Больш за ўсё ў гэтую краіну прыехала грамадзян Турцыі — 254.577 (+17,6% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023-га). Далей ідуць Расія — 215.468 (-16,1%), Арменія — 191.830 (+5,1%), Азербайджан — 51.466 (+27,5%), Ізраіль — 46.789 (+4,5%), Іран — 28.811 (+35,1%), Казахстан — 27.874 (+39,9%), Украіна — 24.538 (-22,6%), Індыя — 20.645 (+43,7%).

Як паведамлялася, у першым квартале 2024 года 9 грамадзян Беларусі папрасілі ў Грузіі прытулку.

У пачатку 2024 года стала вядома, што за мінулы год колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, зменшылася на 1.999 чалавек, або на 15% (на 1 студзеня 2023-га ў Грузіі пражываў 13.361 беларускі грамадзянін).

На пачатак мінулага года беларусы з’яўляліся трэцяй па колькасці замежнай групай у Грузіі пасля расіян (62.304) і ўкраінцаў (20.716).

Падзяліцца: