Мінск 05:47

“Экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнаныя кнігі твораў памерлых Ластоўскага і Петрашкевіча

Крыніца: kamunikat.org

6 траўня, Позірк. Кнігі “Выбраныя творы” Вацлаў Ластоўскі (1997 год)” і “Выбраныя творы” Алесь Петрашкевіч (2017 год)”, выдадзеныя ў рамках праекта “Беларускі кнігазбор”, на падставе заявы пракуратуры Мінска прызнаныя судом экстрэмісцкімі матэрыяламі, паведаміла 6 траўня Генеральная пракуратура.

Беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, пісьменнік Вацлаў Ластоўскі, які стаяў ля вытокаў стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, быў расстраляны ў 1938 годзе, пазней рэабілітаваны. Яго “Выбраныя творы” налічваюць 500 старонак.

Аляксандр (Алесь) Петрашкевіч (1930-2012) — беларускі і савецкі драматург, празаік, публіцыст, сцэнарыст, педагог. У 1975-1992 гадах быў рэктарам Мінскага інстытута культуры. У анатацыі да кнігі “Выбраныя творы” Алесь Петрашкевіч (2017 год)” адзначана, што ў яе галоўным творы аўтар распавядае пра вучобу ў Белдзяржуніверсітэце, працу ў ЦК КПБ (разам з Пятром Машэравым), у Беларускай савецкай энцыклапедыі (з Пятрусём Броўкай, Іванам Шамякіным) і інш. Пазначана, што ў кнігу ўключаны таксама найбольш цікавыя гістарычныя п’есы Петрашкевіча.

11 сакавіка з Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў быў выключаны зборнік твораў класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Двухтомнік “Драматычныя творы, вершаваныя аповесці і апавяданні / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч” быў прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі” судом Жыткавіцкага раёна (Гомельская вобласць) ад 8 лістапада 2023 года, што выклікала грамадскі рэзананс.

Падзяліцца: