Мінск 06:13

Дзяржпрапаганда, на думку Лукашэнкі, распаўсюджвае “праўдзівую інфармацыю”

Ілюстрацыйнае фота: paperblog.com

7 траўня, Позірк. “Адданых сваёй справе прафесіяналаў” аб’ядноўвае Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 7 траўня прадстаўнікоў адпаведных СМІ.

Улічваючы, што ў краіне практычна не засталося незалежных медыя, а нямногія недзяржаўныя СМІ, якія працуюць, павінны сама меней не быць палітызаванымі, а то і адкрыта лаяльнымі ўладам, у апублікаваным прэс-службай Лукашэнкі віншаванні гаворка ідзе пра дзяржаўную прапаганду.

“Веды і адказная праца” прадстаўнікоў беларускага радыё і тэлебачання, на яго думку, “фармуюць контуры высокатэхналагічнага інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя незалежнай беларускай дзяржавы, пашыраюць межы распаўсюду праўдзівай інфармацыі”.

Праца прапагандыстаў, лічыць ён, “служыць правадніком аб’ектыўных ведаў і сэнсаў у кожны дом”.

На думку Лукашэнкі, дзякуючы “таленту і тэхнічнаму майстэрству” гэтых людзей “падзеі і факты знаходзяць запамінальныя вобразы і эфірнае гучанне, становяцца даступнымі, зразумелымі і вядомымі для шырокай аўдыторыі”.

Раней ён заяўляў, што імкненне прапагандыстаў “да дасканаласці” дало беларускаму тэлебачанню “вядомы і непаўторны стыль”: “Сапраўдным адкрыццём стала айчынная аўтарская журналістыка — хвосткая і дынамічная, якая пераканаўча адказвае на інфармацыйныя выклікі нашага часу”.

Маніторынг СМІ, праведзены ў сакавіку праектам Media IQ, паказаў, што аўтсайдарамі па выкананні стандартаў журналістыкі былі менавіта дзяржтэлеканалы: АНТ — 2,88 бала з 5 магчымых, “Беларусь 1” — 2,94, СТБ — 3,09.

Яны ж сталі лідарамі па прапагандзе: у АНТ выяўленая ў 70% даследаваных паведамленняў, “Беларусь 1” — 66,39%, СТБ — 48,31%.

ДзяржСМІ часцей за ўсё парушалі стандарт аддзялення меркаванняў ад фактаў (у 64,7% даследаваных навін) і паўнаты інфармацыі (67,9%). СТБ, АНТ, “Беларусь 1” і партал “СБ. Беларусь сегодня” парушылі хаця б адзін стандарт інфармацыйнай журналістыкі ў 82% з 461 даследаванага сюжэту.

Падзяліцца: