Мінск 19:04

Lawtrend: З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.622 НКА

Крыніца: lawtrend.org

7 траўня, Позірк. За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца красавіка 2024-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.622 некамерцыйныя арганізацыі (НКА) — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый, гаворыцца ў новым аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец сакавіка 2024 было ліквідавана не менш за 1.601 НКА (+21 за месяц), лютага — 1.563, студзеня — 1.533, снежня 2023-га — 1.509. На канец снежня 2022 года налічвалася 1.173 закрытых некамерцыйных арганізацый.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец красавіка не менш за 1.003 НКА знаходзілася ў працэсе прымусовай ліквідацыі (997 — у канцы сакавіка, 981 — у канцы лютага, 969 — у канцы студзеня, 960 — у канцы снежня 2023-га) з улікам пададзеных іскавых заяў аб прымусовай ліквідацыі ў суд, прымусовага выключэння з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, таксама павялічваецца. На канец красавіка такіх было 619, сакавіка — 604, лютага — 582, снежня 2023-га — 564, снежня 2022-га — 416.

Адзначаецца, што рашэнне аб самаліквідацыі па-ранейшаму прымаецца ў асноўным з-за ціску на членаў НКА, неспрыяльнага прававога асяроддзя і грамадска-палітычнай сітуацыі.

Lawtrend падкрэслівае, што сярод НКА, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, — спартыўныя, прафесійныя грамадскія аб’яднанні, геранталагічнае грамадскае аб’яднанне і аб’яднанне спажыўцоў.

Рашэнне аб самастойнай ліквідацыі прынята таксама інфармацыйна-аналітычнай установай “Круглы стол дэмакратычных сіл”, створанай у канцы 2020 года ў якасці “аператара нацыянальнага грамадска-палітычнага дыялогу ад апазіцыі”.

Праваабаронцы адзначаюць, што “ў 2021–2022 годзе ўстанова актыўна арганізоўвала мерапрыемства ў рамках “канстытуцыйнай рэформы”, яе кіраўнік (былы валанцёр каманды экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі Юрый Васкрасенскі, які пасля перайшоў на бок улады) “быў актыўна задзейнічаны ў прапагандысцкіх праграмах, роліках, інтэрв’ю”.

Паводле даных Lawtrend, найбольшую колькасць зарэгістраваных некамерцыйных арганізацый складаюць арганізацыі фізкультуры і спорту (589; -86 у параўнанні з пачаткам 2024 года). Усяго на канец красавіка ў Беларусі 1.693 зарэгістраваных НКА.

Lawtrend адзначае, што 1 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу змены ў закон “Аб фізічнай культуры і спорце”, згодна з якімі дзейнасць па развіцці фізкультуры і спорту без дзяржаўнай акрэдытацыі адносіцца да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і падлягае адміністрацыйнай адказнасці.

Юрыдычныя асобы павінны былі да 1 студзеня 2024 года атрымаць сертыфікат аб дзяржаўнай акрэдытацыі, якой падлягала каля 2.600 арганізацый, уключаючы НКА і індывідуальных прадпрымальнікаў. Паводле інфармацыі Міністэрства спорту і турызму на 1 студзеня 2024 года дзяржакрэдытацыю атрымалі 65% спартыўных суб’ектаў.

Акрамя спецыяльных патрабаванняў у сферы фізічнай культуры і спорту, вызначана, што кіраўнікі і педагогі фізічнай культуры і спорту арганізацыі, якая звярнулася за праходжаннем дзяржакрэдытацыі, не павінны быць прыцягнутыя да адказнасці за непаважлівае стаўленне да дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў, у тым ліку дзяржсімвалаў Беларусі, канстытуцыйнага ладу і гэтак далей.

Падзяліцца: