Мінск 04:41

Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі абраны арцыбіскуп Станеўскі

арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Фота: catholic.by

8 траўня, Позірк. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі абраны новым старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ). Выбары адбыліся 7 траўня ў Мінску на 91-м пазачарговым пленарным пасяджэнні ККББ, паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Ад красавіка 2021 года Станеўскі быў генеральным сакратаром ККББ. На пасадзе старшыні канферэнцыі іерарх змяніў біскупа Віцебскага Алега Буткевіча (цяпер абраны віцэ-старшынёй).

Генсакратаром ККББ стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Пасада старшыні беларускага каталіцкага біскупства вярнулася да кіраўніка Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ўпершыню пасля таго, як на пачатку 2021 года папа рымскі Францішак адправіў на пенсію арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Той стаў непажаданым для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі праз сваю пазіцыю адносна распачатага пасля прэзідэнцкіх выбараў грамадска-палітычнага крызісу.

Біскуп Казімір Вялікаселец, які часова ачольваў архідыяцэзію пасля адстаўкі папярэдніка, а таксама Станеўскі, які стаў сталым кіраўніком галоўнай кафедры, занялі нейтральную і нават прымірэнчую пазіцыю ў стасунках з уладамі.

Кандрусевіч узначальваў Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію з 2007 года, з сярэдзіны 2015-га быў старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Папа рымскі Францішак прыняў адстаўку іерарха ў дзень яго 75-годдзя, 3 студзеня 2021 года.

У 2020 годзе Кандрусевіч амаль чатыры месяцы правёў у выгнанні. Арцыбіскупа, які пасля прэзідэнцкіх выбараў актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсці на дыялог з грамадствам, 31 жніўня не ўпусцілі ў краіну з замежнай паездкі. Пасля было заяўлена, што МУС прызнала яго пашпарт несапраўдным. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што той выязджаў у Польшчу “для кансультацый, як разваліць краіну”.

Вырашаць сітуацыю з Кандрусевічам у верасні ў Беларусь прыязджаў сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, у снежні — апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі, экс-нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці (цяпер кардынал, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх касцёлаў).

22 снежня цяперашні нябожчык Уладзімір Макей, які тады займаў пасаду міністра замежных спраў, распавёў вузкаму колу СМІ, што Гуджэроці перадаў Лукашэнку ліст папы Францішка, “у ім выкладалася адпаведная просьба, звязаная з вядомай персонай арцыбіскупа Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча”. “Зыходзячы менавіта з пачуцця глыбокай павагі да папы рымскага і асабістых добрых стасункаў, кіраўнік беларускай дзяржавы палічыў магчымым пайсці насустрач просьбе папы рымскага і даць адпаведнае даручэнне знайсці рашэнне з улікам усіх існых прававых механізмаў”, — сказаў кіраўнік МЗС.

У той жа дзень апостальская нунцыятура ў Беларусі паведаміла пра атрыманне з “кампетэнтных дзяржаўных органаў” інфармацыю, што іерарх “не мае перашкодаў для вяртання на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь напярэдадні Калядаў — 24 снежня. На наступны дзень Лукашэнка падчас наведвання дзіцячага інфекцыйнага шпіталя ў Мінску заявіў, што арцыбіскуп “ніякай небяспекі не ўяўляе”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, наступная адстаўка Кандрусевіча была адной з умоў яго вяртання ў Беларусь.

Падзяліцца: