Мінск 23:32

Размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі і вучэнні з ёй — прамая пагроза бяспецы Еўропы, лічыць Ціханоўская

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Аляксандра Бардаш

8 траўня, Позірк. Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі і правядзенне “ядзерных вучэнняў” уяўляюць сабой “прамую і сур’ёзную пагрозу бяспецы Еўропы”, заявіла 8 траўня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

На сваёй старонцы ў сацсетцы Х палітык адзначыла, што “гэта правакацыі Пуціна і Лукашэнкі”, скіраваныя “на шантаж і запалохванне Еўропы ў спробе раскалоць Захад і аслабіць падтрымку Украіны”.

Дэмлідар падкрэсліла, што непрымальна выкарыстоўваць беларускі народ у якасці жывога шчыта.

6 траўня Генштаб Мінабароны Расіі паведаміў пра падрыхтоўку да вучэнняў з тактычнай ядзернай зброяй для “падвышэння гатоўнасці нестратэгічных ядзерных сіл да выканання баявых задач”. Вучэнні правядуць на даручэнне Уладзіміра Пуціна.

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці ў Беларусі “раптоўную праверку сродкаў — носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі”. Падчас яе будзе ажыццёўлена “падача спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часці, загрузка іх на пускавыя ўстаноўкі і падвеска на самалёты”.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW), прааналізаваўшы рыторыку прадстаўнікоў рэжымаў у Маскве і Мінску, выказаў меркаванне, што “ні Расія, ні Беларусь не імкнуцца да ядзернай эскалацыі, выкарыстанне імі ядзернай зброі застаецца малаверагодным”.

Раней Лукашэнка заяўляў, што пастаўка расійскай тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ) у Беларусь завяршылася ў кастрычніку 2023 года. Прадстаўнікі ўладаў РФ неаднаразова заяўлялі, што кантраляваць ТЯЗ на беларускай тэрыторыі будзе Масква.

Сёлета 4 лютага начальнік узбраення Узброеных сіл Андрэй Федзін заявіў, што размяшчэнне ў Беларусі ТЯЗ з’яўляецца “вельмі важкім фактарам стратэгічнага стрымлівання”.

Падзяліцца: