Мінск 02:52

Пасля выбараў 2020 года Беларусь пакінула 500–600 тыс. чалавек — сацыёлаг Коршунаў

Крыніца: mostmedia.io

8 траўня, Позірк. На пачатак 2024 года колькасць беларусаў, якія пакінулі краіну пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га, складала 500–600 тыс. Да такой высновы ў даследаванні для Цэнтра новых ідэй (ЦНІ) прыйшоў незалежны сацыёлаг, былы дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Генадзь Коршунаў.

У сваім даследаванні ён абапіраўся на даступныя статыстычныя даныя замежных краін.

Паводле падлікаў Коршунава, пасля 2020 года ў Польшчы абгрунтавалася каля 120 тыс. грамадзян Беларусі, у Літве — 50 тыс., у Германіі — 8 тыс., у іншых краінах ЕС — 25 тыс.

Акрамя гэтага, 11 тыс. беларусаў пераехала ў Грузію, 5 тыс. — у Ізраіль.

Асобную ўвагу ў даследаванні Коршунаў надаў Расіі, якую называе, магчыма, “галоўным рэцыпіентам” беларускай міграцыі.

З-за асаблівасцяў статыстычных падлікаў і спецыфікі беларуска-расійскіх адносін вызначыць колькасць тых, хто выехаў у РФ, “амаль немагчыма”, сцвярджае аўтар даследавання.

“Нават афіцыйныя інстанцыі ў межах аднаго інтэрвалу часу могуць даваць вельмі розныя лічбы адносна таго, колькі беларусаў працуе ў РФ. Так, даныя толькі за 2022 год могуць адрознівацца ў разы: дэпартамент працоўнай міграцыі і сацыяльнай абароны Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) называе лічбу 174.305 беларусаў, а галоўнае ўпраўленне па пытаннях міграцыі МУС РФ — 430 тыс. Адзінае, што можна сказаць больш-менш упэўнена, — эміграцыя з Беларусі ва ўсходнім кірунку можа быць цалкам супастаўная ў памерах з кірункам заходнім”, — падкрэслівае сацыёлаг.

Агульная колькасць тых, хто з’ехаў, 500-600 тыс., складае каля 6–7% “намінальнага/афіцыйнага” насельніцтва Беларусі”, рэзюмуе Коршунаў.

Падзяліцца: