Мінск 19:49

Ціханоўская ў Дзень перамогі правяла паралель паміж Гітлерам і Пуціным

Ілюстрацыйнае фота: tanksdb.ru

9 траўня, Позірк. 79 гадоў таму скончылася “адна з самых жудасных войнаў у гісторыі”, калі сусветная супольнасць “перамагла нацызм і дыктатуру Гітлера”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў відэазвароце з нагоды Дня перамогі (9 траўня).

Паводле яе слоў, гэты дзень нагадвае пра “чалавечую мужнасць і самаахвяраванне”, а таксама пра тых, хто “ваяваў за мір і свабоду”. Разам з тым, сказала палітык, гэта “не толькі дзень перамогі, але і дзень памяці”.

“Мы ўзгадваем пра ўсіх забітых і пакалечаных, <…> пра ўсе жахі і той боль, які прынесла Беларусі тая вайна, — адзначыла дмлідэр. — Гэты дзень нагадвае нам і пра тое, да чаго вядзе беспакаранасць і неабмежаванасць улады, калі тыраны ў імя ідэалогіі і ўласных амбіцый гатовыя прыносіць у ахвяру жыцці людзей”.

“Вайна, якую развязала Расія супраць Украіны, паказвае, што не ўсе вынеслі ўрок з падзей 80-гадовай даўніны. Зноў адзін тыран вырашыў, што мае права паняволіць іншых, зноў забіваюць нявінных людзей, — сказала яна, фактычна правёўшы паралель паміж Адольфам Гітлерам і Уладзімірам Пуціным. — Зноў нашая краіна апынулася пад уладай тыраніі”.

Беларускі народ, паводле слоў Ціханоўскай, “спрабуюць уцягнуць у гэтую вайну”, “з тэлеэкранаў <…> распавядаюць пра ўнутраных і знешніх ворагаў, а з вайны робіцца культ”. “Тых, хто выступае супраць вайны, называюць экстрэмістамі і здраднікамі. Як так сталася, што ў Беларусі, дзе шануецца мір, нават словы “Не вайне!” сталі злачынствам?” — задалася пытаннем палітык.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы “ніколі не былі агрэсарамі”, у свеце “складана знайсці больш міралюбівую нацыю, чым беларусы”.

“Мы ўмеем жыць па-сяброўску з суседзямі і знаходзіць агульную мову. Але таксама мы ўмеем пастаяць за сябе і за тых, хто ў бядзе. Мы ўмеем змагацца і перамагаць. Дарагія беларусы, у гэты дзень я хачу зычыць усім нам міру, беларусам — свабоды, а Украіне — перамогі над агрэсарам”, — падсумавала палітык.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка назваў Дзень перамогі “свяшчэнным святам”, якое “адклікаецца ў сэрцах вялікай радасцю і бязмернай падзякай савецкаму народу, што скрышыў фашызм і выратаваў будучыню чалавецтва цаной мільёнаў жыццяў”.

“У кожным кутку, кожнай сям’і Беларусі спароджаная нянавісцю і ідэямі сусветнага панавання вайна пакінула раны, якія не загойваюцца, ад жахлівых злачынстваў гітлераўскіх катаў і іх паслугачоў, — гаворыцца ў віншаванні з 9 траўня, апублікаваным прэс-службай Лукашэнкі. — Гераічная барацьба з ворагам і самаахвярная праца ў тыле сталі праявай усенароднага супраціву і гатоўнасці беларусаў да самаахвяравання”.

Ён заявіў, што “адзінства продкаў, іх любоў да Радзімы і шчырая вера ў перамогу назаўжды сталі маральнымі арыенцірамі” для “ўдзячных пакаленняў мірнай і незалежнай беларускай дзяржавы”.

“Праўда пра Вялікую Перамогу”, паводле слоў Лукашэнкі, праз гады “засцерагае” Беларусь ад “ад пагроз новага часу, а ўсё чалавецтва — ад адраджэння разбуральных ідэй нацызму”.

“Беларускі народ свята шануе памяць загінулшых і ніколі не здрадзіць забыццю імёны бязвінных мучанікаў і славу мужных абаронцаў і вызваліцеляў”, — дадаў ён.

У развязанай РФ поўнамаштабнай вайне супраць Украіны рэжым Лукашэнкі заняў бок Крамля. Падтрымка расійскай агрэсіі пагоршыла і без таго дрэнныя стасункі з Захадам. Цяпер афіцыйны Мінск пастаянна абвінавачвае заходнія дзяржавы ў жаданні ўцягнуць Беларусь у вайну, асобныя краіны — у тэрытарыяльных прэтэнзіях. Рэжым пачаў рэзка мілітарызавацца, на беларускую тэрыторыю, як сцвярджаецца, завезлі расійскую тактычную ядзерную зброю, якой Лукашэнка перманентна запалохвае рэгіён.

Падзяліцца: