Мінск 23:08

Лукашэнка дэ-факта пацвердзіў, што ў ваенным плане кіруецца “стратэгіяй вар’ята”

Ілюстрацыйнае фота: tmkos.ru

9 траўня, Позірк. “Як ніколі, мы блізка падышлі да ядзернай катастрофы. Што рабіць у гэтай сітуацыі? Трэба вучыцца страляць з аўтамата і трымаць порах сухім, у тым ліку і гэтую смертаносную зброю”, — такім чынам Аляксандр Лукашэнка патлумачыў журналістам 9 траўня ў Мінску, навошта Беларусь пачала праверку носьбітаў ядзернай зброі і далучылася да расійскіх ядзерных вучэнняў.

У свеце, сказаў ён, “ідзе эскалацыя напружанасці”, якая перш за ўсё “зыходзіць з Украіны”, “палыхае Блізкі Усход, няпростая абстаноўка ў Ціхім акіяне”.

Акрамя таго, паводле яго слоў, ЗША адпрацоўваюць у Еўропе прымяненне ядзернай зброі, але “робіцца гэта непублічна”.

“Што мы ў гэтай сытуацыі павінны зрабіць? — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Мы публічна пра гэта заявілі. Мы маем самалёты для таго, каб несці ядзерны боепрыпас у выглядзе бомбы. Мы маем падрыхтаваных хлопцаў. А што да ракеты “Іскандэр”, якую перахапіць немагчыма, яны ўвогуле непаражальныя. Таму мы ім кажам: хлопцы, супакойцеся, ма маем усё”.

“Мы ні на кога не збіраемся нападаць. Але ўсе павінны разумець, што за намі не заржавее. І ўсе іх размовы: “У яго [чырвоных] ліній няма!” — абсалютна правільна кажуць. Я далёка не дурань, але ліній няма”, — дадаў ён.

Такім чынам, Лукашэнка фактычна пацвердзіў, што ў ваенным плане кіруецца “стратэгіі вар’ята”. Гэтай стратэгіі (“тэорыя вар’ята”, у арыгінале madman theory) прытрымліваўся 37-ы прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан, які жадаў пераканаць камуністычных праціўнікаў, што амерыканская ўлада непрадказальная і здольная на неадэкватныя ўчынкі, уключаючы выкарыстанне ядзернай зброі.

Паводле слоў Лукашэнкі, для Беларусі і Расіі ядзерная зброя — гэта “выключна зброя стрымлівання”. “Нам чужога не трэба, Расіі — тым больш. Мы маем усё, толькі б мы працавалі нармальна і змаглі выкарыстаць тыя багацці, якія маем Расія і мы, для нашага дабра. Калі так будзе, будзе нармальна. Ім жа нечага не хапае”, — заявіў ён, не згадаўшы пра тое, што ў 2014 годзе РФ анэксавала Крым, а ў 2022-м — частку ўсходніх тэрыторый Украіны.

Адзначыўшы, што ядзерная зброя — гэта “страшная зброя”, Лукашэнка падкрэсліў, што вучэнні “не стратэгічнага характару” (“ратуй божа ўзяцца яшчэ за гэтую кнопку”).

“Хоць і тактычная зброя сёння ў шмат разоў больш магутная, чым гэта было ў Хірасіме і Нагасакі, — сказаў ён. — Ад аднаго выбуху загінуць тысячы і тысячы людзей. Гэта страшная зброя. Але гэтая зброя. І для таго, каб выкарыстоўваць такую зброю, трэба трэніравацца, трэба ўмець гэта рабіць”.

6 траўня Генштаб Мінабароны Расіі паведаміў пра падрыхтоўку да вучэнняў з тактычнай ядзернай зброяй для “падвышэння гатоўнасці нестратэгічных ядзерных сіл да выканання баявых задач”.

На наступны дзень Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці ў Беларусі “раптоўную праверку сродкаў — носьбітаў нестратэгічнай ядзернай зброі” з “падачай спецбоепрыпасаў у ракетныя і авіяцыйныя вайсковыя часці”, загрузкай на пускавыя ўстаноўкі і падвескай на самалёты.

На перамовах у ноч на 9 траўня ў Маскве Пуцін і Лукашэнка, паводле слоў апошняга, дамовіліся сумесна правесці “другі і трэці этапы” ядзерных вучэнняў.

Для падпісчыкаў “Позірк+”:

Вячорка: Лукашэнка абраў "стратэгію вар'ята", каб іншыя не ведалі, чаго ад яго чакаць

27 красавіка, Позірк. Пытанне таго, што стаіць за “вельмі дзіўнымі і контраверсійнымі” заявамі Аляксандра Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе, пэўна будзе абмяркоўвацца падчас візіту Святланы Ціханоўскай у Осла 29–30 красавіка, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Франак Вячорка. "Лукашэнка за апошнія дні нагаварыў шмат …
Падзяліцца: