Мінск 23:52

Лукашэнка звольніў кіраўніка Генштаба Гулевіча (дапоўнена)

Фота: Мінабароны

10 траўня, Позірк. Генерал-маёр Віктар Гулевіч вызвалены ад пасады начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны.

Адпаведны ўказ № 192 падпісаў 10 траўня Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

Удакладняецца, што Гулевіч звольнены з вайсковай службы ў запас па ўзросце з правам нашэння вайсковай формы адзення і знакаў адрознення.

Гулевіч нарадзіўся 14 мая 1969 года ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць).

Скончыў Маскоўскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча ім. Вярхоўнага савета РСФСР.

Службу пачаў камандзірам мотастралковага ўзвода ў заходняй групе войскаў СССР у Германіі.

Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, узначаліўшы парашутна-дэсантны полк 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі.

У 2002 годзе скончыў з залатым медалём камандна-штабны факультэт Ваеннай акадэміі Беларусі. Праходзіў службу на розных камандных пасадах, у тым ліку быў начальнікам штаба — першым намеснікам камандзіра 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады і камандзірам гэтай брыгады.

У 2017 годзе скончыў факультэт Генеральнага штаба УС. Быў прызначаны на пасаду начальніка штаба — першага намесніка камандуючага сіламі спецыяльных аперацый (ССА) УС.

У лютым 2020 года прызначаны камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання УС.

Генеральны штаб узначальваў з 11 сакавіка 2021 года.

Кандыдат ваенных навук.

Праз падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне знаходзіцца пад санкцыямі 27 краін ЕС, Велікабрытаніі, Канады і іншых дэмакратычных дзяржаў.

Падзяліцца: