Мінск 06:55

Беларускі ўрач-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў затрыманы ў Ленвобласці РФ — СМІ

Фота: асабісты архіў Мартава

15 траўня, Позірк. Беларускі ўрач-рэаніматолаг — крытык айчыннай сістэмы аховы здароўя Уладзімір Мартаў затрыманы ў расійскім горадзе Мурына (Ленінградская вобласць РФ), вынікае з інфармацыі, апублікаванай 15 траўня мясцовым выданнем “Фонтанка.ру”.

Сцвярджаецца, што ўрача затрымалі аператыўнікі крымінальнага вышуку, ён знаходзіцца ў 87-м аддзеле паліцыі па Усяволжскім раёне Ленінскай вобласці. Заяўлена, што ў Беларусі яму завочна абралі меру стрымання ў выглядзе арышту. З якой менавіта прычыны, дакладна не вядома.

Уладзімір Мартаў — урач з 30-гадовым стажам. З 2003 года працаваў у Віцебскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Апошнія пяць гадоў да звальнення загадваў аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Урач адкрыта казаў у СМІ аб праблемах арганізацыі медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус, у прыватнасці пра перабоі з пастаўкамі кіслароду ў рэанімацыю бальніцы. Мартаў сцвярджаў, што праз гэта напрыканцы 2020 года памерла некалькі чалавек, якія знаходзіліся на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Падчас візіту ў бальніцу Маладзечна (Мінская вобласць) 12 сакавіка 2021 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Мартава “трэба на месца ставіць”. 3 красавіка 2021 года ўрача звольнілі — яму не працягнулі кантракт.

З таго часу Мартаў не працаваў у медыцыне. У сацыяльных сетках ён займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, заяўляў пра непрыманне гвалту і аўтарытарнага кіравання дзяржавай. Выказваў салідарнасць з палітвязнямі, выказваўся наконт галадоўкі філосафа Уладзіміра Мацкевіча. Вёў падкаст “На вайне з COVID-19” на відэаплатформе “Ютуб”.

У лютым 2022 года Мартава арыштоўвалі на 7 сутак паводле арт. 24.23 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Пасля вызвалення ўрач пакінуў краіну.

Падзяліцца: