Мінск 10:34

МЗС Беларусі “рашуча асудзіла” замах на славацкага прэм’ера Фіца

Крыніца: ua.news

15 траўня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Беларусі “рашуча асудзіла” замах на прэм’ер-міністра Славакіі Роберта Фіца.

На сваёй старонцы ў сацсетцы X ведамства адзначыла, што “актам нападу і гвалту ў дачыненні да палітыкаў і службовых асоб, якія б мэты яны ні пераследавалі, не месца ў XXI стагоддзі”.

Замах на Фіца асудзілі таксама беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава, кіраўнік Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен і іншыя палітыкі.

Прэм’ер-міністр Славакіі Фіца падвергнуўся ўзброенаму нападу 15 траўня пасля выязнога пасяджэння ўрада ў Гандлаве. У яго некалькі разоў стрэліў невядомы.

З цяжкімі раненнямі Фіца дастаўлены на верталёце ў Банска-Бістрыцу, дзе яму будзе зробленая экстраная аперацыя. Стан палітыка ацэньваецца як цяжкі.

Паводле папярэдняй інфармацыі, замах здзейсніў 71-гадовы мужчына, яго затрымалі.

Да ўлады ў Славакіі 59-гадовы Фіца прыйшоў пасля пазачарговых парламенцкіх выбараў 30 верасня 2023 года, на якіх перамагла яго левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя”. Ён чацвёрты раз узначаліў урад краіны. Да гэтага кіраваў кабінетам у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 гадах.

Пасля прыходу да ўлады новых сіл на ўзроўні рыторыкі Славакія дэкларуе прарасійскую (і адпаведна прамінскую) пазіцыю.

1 лютага Браціслава прагаласавала за вылучэнне Еўрасаюзам Украіне 50 млрд еўра цягам 2024–2027 гадоў.

Падзяліцца: