Мінск 20:00

Дзяржпагранкамітэт: За апошнія 5 дзён Беларусь без віз наведала 2,8 тыс. жыхароў суседніх краін ЕС

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

20 траўня, Позірк. З 15 па 19 траўня Беларусь без віз наведала 2.797 жыхароў суседніх краін Еўрасаюза (з 6 па 14 траўня — 4.482), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз інфармацыі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За гэты перыяд у краіну прыбыла 1.046 грамадзян Літвы (1.621), 926 грамадзян і 293 неграмадзяніны Латвіі (1.166 і 468 адпаведна), 532 грамадзяніны Польшчы (1.227).

З пачатку года бязвізам скарысталася 84.437 замежнікаў з Еўрасаюза: 39.701 грамадзянін Літвы, 20.838 грамадзян і 5.849 неграмадзян Латвіі, а таксама 18.049 грамадзян Польшчы.

Усяго ад пачатку дзеяння бязвізавага рэжыму ў Беларусь накіравалася 885.043 замежнікі: 534.912 грамадзян Літвы, 205.639 грамадзян і 61.964 неграмадзяніны Латвіі, а таксама 82.528 грамадзян Польшчы.

Бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Улады названых суседніх краін неаднаразова заклікалі суайчыннікаў не наведваць Беларусь з меркаванняў бяспекі.

18 жніўня 2023 года Літва закрыла пункты пропуску Шумскас (з беларускага боку — Лоша) і Цвярачус (Відзы), 1 сакавіка 2024-га Лаварышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). На мяжы з Беларуссю працягваюць працаваць два пагранпераходы — Мядзінінкай (Каменны Лог) і Шальчынінкай (Беняконі).

Пасля вынясення палітычна матываванага выраку журналісту, актывісту неафіцыйнага Саюза палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — Баброўнікі (з беларускага боку Бераставіца).

19 верасня 2023 года праз узрослую плынь нелегальных мігрантаў з боку Беларусі Латвія на нявызначаны тэрмін закрыла і забарыкадавала пункт пропуску Сілене (Урбаны).

Падзяліцца: