Мінск 04:37

МЗС спачувае ў сувязі з гібеллю “сапраўдных сяброў Беларусі” — прэзідэнта Ірана і шэрагу чыноўнікаў (дапоўнена)

Фота: tochka.by

20 траўня, Позірк. У Міністэрстве замежных спраў Беларусі “з вялікім болем успрынялі апошнія навіны з Ірана”, — такім чынам ведамства адрэагавала на гібель у авіякатастрофе прэзідэнта Ірана Эбрахіма Раісі і шэрагу чыноўнікаў.

“Гэта незаменная страта не толькі для іранскага грамадства. З жыцця пайшлі сапраўдныя сябры Беларусі. Шчырыя спачуванні родным і блізкім загінулых, стойкасці і мужнасці ўсяму народу Ірана”, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы МЗС у сацыяльнай сетцы Х.

Неўзабаве пасля рэакцыі знешнепалітычнага ведамства Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванні ў сувязі з гібеллю Раісі і чыноўнікаў на адрас вышэйшага кіраўніка Ірана аяталы Алі Хаменеі. Паводле яго сцвярджэння, “у Беларусі з глыбокім смуткам успрынялі гэтую вестку”.

“Пайшлі з жыцця выдатныя сыны іранскага народа, сусветна вядомыя палітычныя і грамадскія дзеячы, актыўная праца і рашучыя крокі якіх забяспечвалі належныя пазіцыі Ісламскай Рэспублікі Іран у свеце, садзейнічалі ўмацаванню і росту высокага статусу дзяржавы на міжнароднай арэне”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба Лукашэнку.

“Прэзідэнт Эбрахім Раісі застанецца ў гісторыі як мудры лідар, які ўсё сваё жыццё прысвяціў самаадданаму і бескарысліваму служэнню іранскаму народу. Я назаўжды захаваю самыя цёплыя ўспаміны пра сустрэчы і размовы са спадаром прэзідэнтам, які быў сапраўдным сябрам Беларусі і шмат клапаціўся пра развіццё беларуска-іранскага супрацоўніцтва. Яго імя назаўжды ўнесена ў летапіс стасункаў нашых краін”, — дадаў ён.

Раісі загінуў у выніку крушэння верталёта 19 траўня ў іранскай правінцыі Усходні Азербайджан. Смерць кіраўніка выканаўчай улады раніцай 20 траўня пацвердзіла дзяржаўнае інфармагенцтва Mehr.

Разам з Раісі на борце верталёта былі міністр замежных спраў Хасейн Амір-Абдалахіян, губернатар Усходняга Азербайджана Малек Рахмаці, прадстаўнік лідара Ісламскай рэвалюцыі ў згаданай правінцыі аятала Махамад Алі Але-Хашам і яшчэ некалькі чалавек. Крушэнне ніхто не перажыў.

Апошнім часам рэжым Аляксандра Лукашэнкі актыўна наладжваў сувязі з іранскім кіраўніцтвам.

У авіякатастрофе загінуў прэзідэнт Ірана Раісі, Лукашэнка з мінулага года чакаў яго ў Мінску

20 траўня, Позірк. Прэзідэнт Ірана Эбрахім Раісі загінуў у выніку крушэння верталёта 19 траўня ў іранскай правінцыі Усходні Азербайджан. Смерць кіраўніка выканаўчай улады раніцай 20 траўня пацвердзіла дзяржаўнае інфармагенцтва Mehr. Разам з Раісі на борце верталёта былі міністр замежных спраў Хасейн Амір-Абдалахіян, …
Падзяліцца: