Мінск 05:10

Вялікабрытанія ўвяла санкцыі супраць беларускага алюмінія

Крыніца: pixabay.com

21 траўня, Позірк. Вялікабрытанія з 16 траўня ўвяла абмежаванні на імпарт беларускага алюмінія і аказанне спадарожных пры яго пастаўках дапаможных паслуг, вынікае з інфармацыі, апублікаванай 21 траўня на брытанскім рэсурсе Global Sanctions.

Змены ўносяцца ў пакет антыбеларускіх санкцый, прынятых у 2019 годзе, якія зведалі змены ў 2021, 2022 і 2023 гадах.

Акрамя гэтага, адзначаецца, што з 16 траўня Вялікабрытаніяй уводзяцца новыя забароны ў дачыненні да гандлю з Беларуссю некаторымі таварамі і тэхналогіямі крытычнай прамысловасці, якія тычацца электронікі, навігацыі і авіёнікі, аэракасмічнай тэхнікі і сілавых установак.

22 лютага стала вядома, што дзяржаўнае прадпрыемства “Завод дакладнай электрамеханікі” і адкрытае акцыянернае таварыства “Планар” уключаныя ў пакет санкцый, уведзеных Вялікабрытаніяй напярэдадні другой гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну.

Да гэтага апошні раз Вялікабрытанія пашырала санкцыі ў дачыненні да Беларусі 8 снежня 2023 года. Тады ў санкцыйны спіс было ўключана 17 фізічных асоб, якія займаюць пасады суддзяў і пракурораў. 6 снежня 2023 года афіцыйны Лондан увёў санкцыі супраць канструктарскага бюро “Дысплей” з Віцебска. Бюро выпускае тэхніку для беларускага войска, у тым ліку ўдарныя беспілотнікі (“Квадра-1400”).

Падзяліцца: