Мінск 04:42

На палітзняволеную Шарэнда-Панасюк завялі трэцюю крымінальную справу за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (дапоўнена)

Крыніца: "Вясна"

21 траўня, Позірк. У дачыненні да палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк распачатая чарговая крымінальная справа, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яе муж Андрэй Шарэнда.

“Паліна ў гомельскім СІЗА №3. <…>. Тое, што адбываецца з Палінай, гэта здзек і катаванне. І павольнае забойства. Забойства жанчыны і маці”, — адзначыў мужчына.

Паводле інфармацыі выдання “Медыязона. Беларусь”, палітзняволеную зноў абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).

Раней праваабаронцы паведамлялі, што запланаваны тэрмін вызвалення Шарэнда-Панасюк — 21 траўня.

Паводле даных праваабарончай ініцыятывы Dissidentby, 2 траўня суд Рэчыцкага раёна (Гомельская вобласць) устанавіў за палітзняволенай прэвентыўны нагляд. Гэтая мера прадугледжвае назіранне органаў унутраных спраў за тым, як вызваленая з месцаў пазбаўлення волі асоба выконвае часовыя абмежаванні і выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі.

22 сакавіка стала вядома, што жанчына звярнулася з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю дзяржтэлеканалу “Беларусь 1”.

У чэрвені 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста прагаварыў Шарэнда-Панасюк да двух гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў), 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і 368 (абраза прэзідэнта) КК.

У красавіку 2022 года палітзняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго года зняволення паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго года паводле таго ж артыкула.

21 сакавіка Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць тэрміновыя меры для абароны Шарэнда-Панасюк. Гэта першы падобны выпадак па справах супраць Беларусі.

Раней муж, які знаходзіцца з дзецьмі ў эміграцыі, паведамляў, што Шарэнда-Панасюк “мінімум 32 разы змяшчалася ў нечалавечыя ўмовы” штрафнога ізалятара і карцара, а яшчэ “каля 150 дзён” правяла ў памяшканні камернага тыпу.

Як паведамляў праваабарончы цэнтр “Вясна”, на 23 красавіка 2024 года паводле арт. 411 КК супраць 37 палітвязняў былі пачаты новыя крымінальныя справы.

Падзяліцца: