Мінск 08:41

Літва мае намер забараніць імпарт з Беларусі і РФ больш за 2,8 тыс. відаў сельгаспрадукцыі

Крыніца: unsplash.com

23 траўня, Позірк. З 3 чэрвеня ў Літве ўступяць у сілу абмежаванні на імпарт пэўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў беларускай і расійскай вытворчасці, паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі гэтай балтыйскай дзяржавы.

Гаворка ідзе пра 24 групы прадуктаў (у спісе больш за 2,8 тыс. найменняў), у іх ліку — жывыя жывёлы, мяса і яго субпрадукты, рыба, малако і прадукты з яго, яйкі, мёд натуральны, прадукты нежывёльнага паходжання, расліны, гародніна, садавіна, кава і спецыі, збожжавыя, крупы, алей, напоі, тытунёвыя вырабы і іншыя прадукты.

“Пералік, які цяпер узгадняецца, сваёй пастановай павінен зацвердзіць урад”, — гаворыцца ў паведамленні.

На думку літоўскіх уладаў, гэтае рашэнне дазволіць аслабіць эканомікі Беларусі і Расіі, а нацыянальную бяспеку Літвы — умацаваць.

Разам з тым ведамства адзначае, што забарона не закране “прадукцыю, якая не мае альтэрнатыўных крыніц імпарту (некаторыя грыбы, ягады, раслінныя матэрыялы для пляцення, патака)”.

21 траўня ўрад Беларусі паведаміў аб пашырэнні пераліку тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны.

Сярод іншага ў спіс забароненых тавараў уключана вада пітная, уключаючы мінеральную і газаваную, з недружалюбных краін.

Таксама ў названы пералік унесены “асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі: піва, зброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены поласці рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны падлогавыя, мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкла, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардона”, гаворыцца ў паведамленні.

Змены ўнесеныя ў пастанову Саўміна ад 6 снежня 2021 года № 700. Дакумент устанаўлівае пералік тавараў вытворчасці краін ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Паўночнай Ірландыі, Чарнагорыі, Швейцарыі, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Раней новыя пазіцыі ў пералік уключаліся ў сувязі з закрыццём суседнімі краінамі ЕС пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Як заявіла 22 траўня Міністэрства замежных спраў Беларусі, лінія Польшчы, Чэхіі і краін Балтыі накіраваная на “разбурэнне дружалюбных сувязяў паміж народамі”, іх “бесперапыннае вынаходніцтва новых абмежаванняў, распаўсюджванне дэзінфармацыі аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі не паддаюцца тлумачэнню”.

У заяве адзначаецца, што “недружалюбныя краіны” “абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння людзей і тавараў”, уводзяць забароны “на выплаты пенсій і аліментаў”, праводзяць “незаконную канфіскацыю грузаў і замарозку актываў за кошт пашыральнага тлумачэння санкцый”, пагражаюць “нацыяналізацыяй беларускай дзяржуласнасці”.

Падзяліцца: