Мінск 21:26

У дачыненні да праваабаронцы Алены Маслюковай распачата спецвытворчасць (дапоўнена)

Алена Маслюкова (сакавік 2020 года)
Архіўнае фота: wikimedia.org / Dziyanaps

24 траўня, Позірк. У дачыненні да праваабаронцы, экаактывісткі Алены Маслюковай 23 траўня распачата спецыяльная вытворчасць.

Згодна з апублікаваным на сайце Следчага камітэта пералікам асоб, у дачыненні да якіх ініцыяваная гэтая працэдура (абноўлены 24 траўня), 59-гадовая жанчына абвінавачваецца паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 КК (іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; тое ж дзеянне, здзейсненае паўторна).

Ёй прапанавана з’явіцца ў Светлагорскі раённы аддзел СК (Гомельская вобласць).

Паводле інфармацыі з адкрытых крыніц, Маслюкова ўзначальвала светлагорскае аддзяленне праваабарончага цэнтра “Вясна”, была актывісткай кампаній “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ды інш.

У 2018 годзе была ў ліку ініцыятараў кампаніі супраць будаўніцтва завода беленай цэлюлозы ў Светлагорску.

Падзяліцца: