Мінск 01:30

Лукашэнка заявіў пра далейшае ўзмацненне інтэграцыі Беларусі і РФ

Скрыншот: відэаматэрыял прэс-службы Лукашэнкі

24 траўня, Позірк. Нягледзячы ні на што, Мінск і Масква “захоўваюць курс на ўзмацненне інтэграцыі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 траўня ў Мінску на перагаворах з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

На сустрэчы ў пашыраным складзе Лукашэнка, згодна з паведамленнем яго прэс-службы, сказаў, што Беларусь і РФ “падтрымліваюць адна адну і будуць падтрымліваць па ўсіх напрамках”.

Паводле яго слоў, сумесныя праекты “ўжо выйшлі за межы зямной паверхні”.

“Многія нашы канвееры працуюць на кампанентах адзін аднаго, — падкрэсліў Лукашэнка. — На заканадаўчым узроўні не павінна быць ніякіх ахоўных мер ад сваіх партнёраў. Абараняцца, як мы дамовіліся, трэба ад тых, хто ўвёў супраць нас санкцыі, і ад тых, хто не садзейнічае развіццю эканомік дзвюх дзяржаў”.

Досвед збудавання Беларускай АЭС, на яго думку, адкрыў “новыя магчымасці для далейшага асваення” тэхналогій у галіне атамнай энергетыкі, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў і сумеснага будаўніцтва такіх аб’ектаў у трэціх краінах.

“Сітуацыя паказала, што разлічваць у гэтым свеце з гледзішча доўгатэрміновага супрацоўніцтва мы можам толькі на сябе. Спадзяемся на актыўнае падключэнне беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый да інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца ў Расіі”, — заявіў Лукашэнка.

Двухдзённы візіт дэлегацыі Расіі на чале з Пуціным пачаўся позна ўвечары 23 траўня.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна справаздачацца пра паспяховае выкананне гэтых дакументаў.

Эксперт BIPART: Рост ВУП Беларусі будзе залежаць ад стану эканомікі Расіі

10 траўня, Позірк. Выкананне планаў па росце эканомікі Беларусі ў вялікай ступені звязана з тымі макраэканамічнымі ўмовамі, у якіх працуе Расія, заявіў 10 траўня на прэс-канферэнцыі эксперт Беларускага інстытута рэформы і трансфармацыі публічнага адміністравання (BIPART) эканаміст Аляксандр Малярэнка. Паводле яго …
Падзяліцца: