Мінск 15:53

Кіраўнік Афрыканскага саюза аль-Газуані запрошаны ў Беларусь

Кіраўнік Афрыканскага саюза аль-Газуані
Архіўнае фота: echoroukonline.com

24 траўня, Позірк. Сёння Афрыка “без перабольшання” адыгрывае “вельмі істотную ролю ў жыцці ўсёй планеты”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 25 траўня прэзідэнта Маўрытаніі, старшыню Афрыканскага саюза Махамеда ульд аш-Шэйха аль-Газуані і ўсіх лідараў краін адпаведнага кантынента з Днём Афрыкі.

“Гэта не толькі вялізны па сваіх маштабах і прыродных багаццях рынак, але і скарбніца самабытнай культуры, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Яны адкрываюцца ва ўсёй велічы тым, хто прыходзіць сюды з добрымі намерамі, як сапраўдны сябар і надзейны партнёр. Беларусь — менавіта адзін з іх”.

Мінск, паводле яго слоў, гатовы “плённа супрацоўнічаць з Афрыканскім саюзам і яго дзяржавамі-членамі”, а таксама “зрабіць свой унёсак у поспех Афрыканскага Рэнесансу, падтрымліваць правы народаў на самавызначэнне і абарону свайго суверэнітэту”.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь адкрытая да “любых форм узаемадзеяння”, у тым ліку да ўдзелу ў працы Асамблеі Афрыканскага саюза.

Ён запрасіў аль-Газуані здзейсніць афіцыйны візіт у Мінск для абмеркавання “шырокага кола пытанняў міжнароднай і рэгіянальнай парадкаў дня”.

У Афрыканскім саюзе 55 членаў (на кантыненце 64 дзяржаўныя ўтварэнні, уключаючы незалежныя краіны, залежныя тэрыторыі і самаабвешчаныя дзяржавы).

Паводле даных на сайце МЗС, Беларусь усталявада дыпламатычныя стасункі з 51 з 54 афрыканскіх краін. Беларускія амбасады “паспяхова працуюць” як у “традыцыйных”, так і “перспектыўных” афрыканскіх краінах-партнёрах. Дыпламатычныя прадстаўніцтвы маюцца у Егіпце, Зімбабвэ, Кеніі, Набіміі і ПАР, сёлета павінна адкрыцца дыпмісія ў Экватарыяльнай Гвінеі.

Пашыраецца практыка працы ў розных краінах праз інстытут ганаровых консулаў.

“Асаблівае значэнне”, адзначае знешнепалітычнае ведамства, надаецца “эканамічнай дыпламатыі”, пры гэтым “ключавым кірункам” супрацы Беларусі з дзяржавамі Афрыкі ў гандлёва-эканамічнай сферы з’яўляецца “пашырэнне экспарту прадукцыі і паслуг”. “Вядзецца сістэмная праца па асваенні новых рынкаў на афрыканскім кантыненце”, — сцвярджае МЗС.

9 красавіка на нарадзе аб развіцці прамысловасці Лукашэнка заявіў, што продажы беларускай тэхнікі на знешніх рынках “стабільна павялічваюцца тры гады запар”, у першую чаргу на “традыцыйны рынак брацкай Расіі і іншых дзяржаў СНД”.

“Аднак па далёкім замежжы сітуацыя нашмат горшая, — прызнаў ён. — Аб’ём продажаў склаў менш за 20% у адносінах да дасанкцыйнага 2021 года. Не выкананыя планы па экспарту ў дружалюбныя краіны “далёкай дугі”. У Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Азіі сёння вялізны попыт на прамысловую прадукцыю. Тут трэба шчыльна працаваць і займаць свае нішы. І найперш на афрыканскім кантыненце”.

Лукашэнка нагадаў пра дамоўленасці на пастаўку звыш 3 тыс. трактароў, 80 камбайнаў і 30 самазвалаў у Зімбабвэ, больш за 150 трактароў — у Тога. Плануецца экспарт тэхнікі ў Нікарагуа, В’етнам, Іран і Пакістан.

Мінэканомікі: Беларусь у Афрыцы мяняе трактары на апельсіны

18 красавіка, Позірк. Беларусь працягвае нарошчваць сваю прысутнасць на рынках дружалюбных краін, выбудоўваючы "новыя гандлёва-эканамічныя сувязі", заявіў першы намеснік міністра эканомікі Андрэй Картун 17 красавіка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1". Паводле яго слоў, "апорнымі пунктамі" ў Афрыцы з'яўляюцца Егіпет, Нігерыя, …
Падзяліцца: