Мінск 06:55

На палітвязня Дашкевіча завялі другую за месяц крымінальную справу — СМІ

Архіўнае фота: "Позірк"

25 траўня, Позірк. Другая за месяц крымінальная справа заведзеная на былога лідара арганізацыі “Малады фронт” Змітра Дашкевіча, вынікае з інфармацыі шэрагу незалежных СМІ, якая ўскосна пацвярджаецца паведамленнем жонкі палітвязня.

На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” Анастасія Дашкевіч напісала: “+ 411 ч2 ККРБ Нябесная канцэлярыя, можа хопіць?..” (захаваны арыгінальны стыль).

Гаворка пра ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса — “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства або якая дапусціла асабліва небяспечны рэцыдыў”. Санкцыя паводле гэтага артыкула — пазбаўленне волі на тэрмін да 2 гадоў.

За два месяцы да вызвалення Дашкевіча, 3 траўня, яго жонка паведаміла, што на палітвязня заведзена крымінальная справа паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). У студзені яна заяўляла, што баіцца за жыццё і здароўе мужа.

11 ліпеня 2023 года Дашкевіч павінен быў выйсці на волю пасля паўтара года пазбаўлення волі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года (арт. 342 КК). Яго не вызвалілі, паколькі была ўзбуджаная новая крымінальная справа — за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы” (ч. 1 арт. 411 КК).

19 кастрычніка суддзя Таццяна Дзеравянка з суда Барысаўскага раёна (Мінская вобласць) прызнала яго вінаватым паводле гэтага артыкула і прыгаварыла да аднаго года пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Для 42-гадовага Дашкевіча гэты крымінальны тэрмін стаў чацвёртым.

Двума месяцамі пазней, 19 снежня, Мінскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу на новы вырак.

Анастасія Дашкевіч у ліпені 2022 года разам з мужам была асуджаная паводле арт. 342 КК (3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Падзяліцца: