Мінск 20:48

Лукашэнка назваў інфармацыйную вайну “прэлюдыяй да гарачай фазы супрацьстаяння” (дапоўнена)

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

дададзеныя абзацы 4–8, 10–13

28 траўня, Позірк. Сёння медыйная супольнасць стала “магутным актарам палітычнага дыскурсу”, прафесія журналіста высунутая на “перадавыя пазіцыі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 28 траўня на медыяфоруме ў Магілёве.

“У гэтай рэальнасці вы і байцы, і абаронцы, і стратэгі, і тактыкі, а інфармацыя — гэта і рэсурс, і тавар, і сёння — зброя”, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму “Роля журналіста ва ўмовах трансфармацыі грамадства”, сярод якіх прадстаўнікі дзяржаўных СМІ і блогеры.

Паводле яго слоў, інфармацыйная вайна — гэта “прэлюдыя да гарачай фазы супрацьстаяння”.

Беларусь, сцвярджае Лукашэнка, знаходзіцца “пад прыцэлам агрэсіўнай прапаганды”, таму ў медыяфоруме ўдзельнічаюць “кіраўнікі і супрацоўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, блогеры і эксперты ў сферы камунікацый, прадстаўнікі профільных ВНУ і ідэалагічнага актыву, прэс-сакратары рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый, а таксама прадстаўнікі дзяржорганаў, якія курыруюць пытанні інфармацыйнай палітыкі”.

“Усе, хто стаіць у авангардзе фармавання інфармацыйнай палітыкі і абароны інфармацыйнага суверэнітэту дзяржавы. Кожны на сваім узроўні, у адпаведнасці са сваімі службовымі абавязкамі”, — заявіў спікер.

Цяпер, на яго думку, даводзіцца жыць “пад агнём пастаяннай крытыкі, хлусні, абсурдных абвінавачанняў”: “Гэта тэрабайты сфабрыкаваных і шчодра праплачаных медыйных фальшывак пад прыгожай абгорткай”.

Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам у краіне “сур’ёзным чынам перабудавана” сістэма падрыхтоўкі будучых журналістаў з акцэнтам на практычную дзейнасць.

“Новы імпульс развіцця атрымала рэгіянальная прэса, — сцвярджае ён. — Мы пайшлі па шляху стварэння медыяхолдынгаў. Гэта дало магчымасць асучасніць многія выданні, умацаваць творчы і тэхнічны патэнцыялы. Працу ў гэтым кірунку будзем працягваць. Але вы ведаеце, адзіны вымяральнік паспяховасці любога сродку масавай інфармацыі — цікавасць аўдыторыі”.

Інфармацыйнай вайной Лукашэнка апошнім часам называе любую інтэрпрэтацыю падзей у Беларусі, якая не стасуецца з прапагандай. У краіне практычна не засталося незалежных СМІ, большая частка з іх была разгромлена і вымушана працуе за мяжой.

У лютым 2023 года Ігар Луцкі — на той момант намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, а цяпер член Савета Рэспублікі, — выступаючы на калегіі Мінінфарма, падкрэсліў, што “дастаткова вялікія рэсурсы накіраваныя на дзяржСМІ (летась на іх было адведзена ў бюджэце больш за 160 млн рублёў. — “Позірк”.)”.

Выказаўшы папрок у сувязі з тым, што ў рэдакцыях дагэтуль працуюць людзі, якія не падтрымліваюць дзяржпалітыку, чыноўнік нагадаў пра стварэнне назіральнай рады на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта: “Кіраўнікі СМІ адказваюць сёння за падрыхтоўку спецыялістаў. Мы рыхтуем не проста журналістаў, мы рыхтуем байцоў інфармацыйнага фронта”.

“Ідэалагічная праца сёння выходзіць на першы план, — заявіў Лукашэнка 8 красавіка падчас прызначэння намеснікам кіраўніка сваёй адміністрацыі Уладзіміра Пярцова, які да таго займаў пасаду міністра інфармацыі. — Трэба падцягнуць, давесці да ладу ўсе СМІ”.

Лукашэнка падкрэсліў, што сёння, “у гэты складаны перыяд”, актуальныя пытанні прапаганды і контрпрапаганды: “Усё сышлося зараз на СМІ. Ідзе інфармацыйная вайна”.

Падзяліцца: