Мінск 02:26

Эксперты ААН запыталі ў Беларусі інфармацыю пра здароўе палітвязня Паўла Кучынскага

Архіўнае фота: spring96.org / сацсеткі Кучынскага

28 траўня, Позірк. Паводле звестак праваабарончага цэнтру “Вясна”, спецдакладчыкі ААН звярнуліся да ўладаў Беларусі з просьбай прадставіць інфармацыю пра стан здароўя анкахворага палітвязня Паўла Кучынскага.

Адпаведны ліст падпісалі прадстаўнік рабочай групы па адвольных затрыманнях Мэцью Джылет, спецыяльныя дакладчыкі Анаіс Марэн (па правах чалавека ў Беларусі), Тлаленг Мафакенг (па праве на здароўе), Хеба Хаграс (па правах людзей з інваліднасцю).

Эксперты таксама цікавяцца фактычнымі і юрыдычнымі падставамі для арышту, затрымання, выстаўлення абвінавачанняў і вынясення выраку Кучынскаму.

Яны просяць патлумачыць, ці быў неяк улічаны яго стан здароўя пры вынясенні рашэння аб заключэнні пад варту і вынясенні выраку; наколькі медыцынская дапамога, якая аказваецца палітвязню, і ўмовы ўтрымання адпавядаюць абавязальніцтвам Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Эксперты таксама пацікавіліся, якія інструменты прававой абароны былі даступныя Кучынскаму, каб аспрэчыць рашэнне аб узяцці пад варту, ды інш.

На іх думку, з улікам цяжкага стану здароўя Кучынскага ўладам варта было б замяніць турэмнае зняволенне альтэрнатыўнай формай пазбаўлення волі, змякчыць прысуд ці памілаваць мужчыну.

У сакавіку 2024 года юрысты “Вясны” звярнуліся да спецдакладчыкаў ААН па Беларусі і па пытанні аб праве на здароўе ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя Кучынскага.

Жыхар Маладзечна (Мінская вобласць) Павел Кучынскі мае першую групу інваліднасці — у яго лімфома Ходжкіна чацвёртай стадыі.

У чэрвені 2022 года мужчыну прыгаварылі да 5 гадоў пазбаўлення волі, па выніках апеляцыі тэрмін быў зменшаны ўсяго на тры месяцы. Замест калоніі яго накіравалі ў рэспубліканскую бальніцу ў Калядзічах. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, лячэнне не дапамагае, хвароба прагрэсуе. Раней з урачамі праводзілася кансультацыя наконт перасадкі касцявога мозга, але гэта немагчыма зрабіць ва ўмовах зняволення.

Падзяліцца: