Мінск 20:39

СМІ: У Польшчы затрыманыя два беларусы, падазраваныя ў здзяйсненні падпалаў

Фота: miejskireporter.pl

28 траўня, Позірк. Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АУБ) затрымала ў Варшаве некалькі чалавек па падазрэнні ў здзяйсненні падпалаў на тэрыторыі краіны.

Як паведаміла 28 траўня Gaszeta Wyborcza, у ліку затрыманых — уладальнік аўтамабіля Renault з беларускімі дзяржнумарамі.

Адзначаецца, што затрыманні праводзілі супрацоўнікі АУБ “у масках і з даўгаствольнай зброяй”. Падчас вобшуку аўтамабіля выяўленыя “пустыя каністры, буйная сума наяўных грошай у рознай валюце, а таксама кабелі, лом і прадметы, якія нагадваюць батарэйкі”.

“Відавочцы сведчаць, што ў затрыманага праваахоўнікамі мужчыны выявілі некалькі мабільных тэлефонаў”, — гаворыцца ў публікацыі выдання.

Паведамляецца, што гаворка ідзе пра арышт падазраваных у здзяйсненні падпалаў, аднак “следчыя пракуратуры і АВБ не хочуць раскрываць ніякіх падрабязнасцяў”. Таксама невядомая колькасць затрыманых.

Паводле інфармацыі партала miejskireporter.pl, у горадзе Прушкаў (Мазавецкае ваяводства) па “справе аб падпалах” затрымана двое грамадзян Беларусі. Падрабязнасці не паведамляюцца.

21 траўня прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што сярод падазраваных у арганізаваных Расіяй спробах дыверсій ёсць грамадзяне Беларусі.

Гаворка ішла, у прыватнасці, аб спыненай спробе падпалу завода па вытворчасці фарбаў ва Уроцлаве (Ніжнесілезскае ваяводства).

“На гэты момант у нас ёсць дзевяць падазраваных, арыштаваных і абвінавачаных ва ўдзеле ў дыверсіях у Польшчы на запыт расійскіх службаў. Гэта тычыцца нападу, падпалу і спробы падпалу”, — сказаў ён.

Паводле слоў палітыка, гаворка ідзе пра людзей з “крымінальнага свету”: “Гэта тычыцца грамадзян Украіны, Беларусі і Польшчы. Гэтае пытанне не носіць нацыянальнага характару”.

Падобныя дзеянні планаваліся таксама ў Літве, Латвіі і Швецыі, сцвярджае кіраўнік польскага ўрада.

Падзяліцца: