Мінск 19:42

У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апярэджвае толькі Нікарагуа, Эрытрэю і Паўночную Карэю — справаздача Article 19

Затрыманне журналістаў у Мінску ў 2020 годзе
Фота: tut.by

28 траўня, Позірк. Па ўзроўні свабоды слова Беларусь займае 158-е месца ў свеце з 161, вынікае са штогадовай справаздачы праваабарончай арганізацыі Article 19.

Ніжэй у адпаведным рэйтынгу The Global Expression Report 2024 — Нікарагуа, Эрытрэя і Паўночная Карэя.

Расія ў рэйтынгу займае 148-е месца. Сярод краін-суседзяў Беларусі лепшая пазіцыя ў Латві — 19-я. Літва размясцілася на 31-м месцы, Польшча — на 69-м, Україна — на 99-м.

Лепш за ўсё са свабодай слова, на думку праваабаронцаў, у Даніі, Швейцарыі і Швецыі, з краін СНД — у Малдове (41-е месца), былога СССР — у Эстоніі (5-е месца).

Пры падрыхтоўцы справаздачы эксперты Article 19 абапіраліся на 25 паказчыкаў, кожны з якіх ацэньваўся па шкале ад 0 да 100. Сярод паказчыкаў — свабода інтэрнэту ад цэнзуры, свабода ад пераследу за праяву палітычнай пазіцыі ў сацсетках, свабода ад дзяржаўнай цэнзуры, удзел грамадзянскай супольнасці ў палітычным жыцці, свабода журналістаў ад пераследу з боку ўладаў і ўплывовых недзяржаўных дзеячаў, адсутнасць палітычна матываваных забойстваў, свабода веравызнання, свабода ад забароны палітычных партый, свабода мірных сходаў і іншыя.

Агульны бал выводзіцца як сярэдняе арыфметычнае з 25 ацэнак. У Беларусі ён роўны 1, як і ў Туркменістана, Нікарагуа і Эрытрэі. Паўночная Карэя атрымала 0, Данія, якая ўзначальвае рэйтынг, — 95.

Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19-га артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, якая абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.

У Сусветным індэксе свабоды прэсы 2024 года, які склала міжнародная арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” у пачатку гэтага месяца, Беларусь заняла 167-е месца са 180 краін.

Падзяліцца: