Мінск 17:22

Пасля збожжа ЕС можа распаўсюдзіць павышаныя мытныя пошліны на іншыя тавары з РФ і Беларусі — МЗС Бельгіі

31 траўня, Позірк. Павышаныя мытныя пошліны, якія будуць уведзены ў адносінах да збожжа з Беларусі і РФ з 1 ліпеня, могуць пазней быць распаўсюджаны і на іншыя тавары, заявіла 30 траўня на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Савета Еўрапейскага саюза па гандлі міністр замежных спраў Бельгіі Хаджа Лябіб.

Паводле яе слоў, гэта прапанова Швецыі, яна “павінна стаць прадметам далейшага абмеркавання” для ацэнкі наступстваў ад яе рэалізацыі”.

30 траўня Савет ЕС падтрымаў прапанову Еўракамісіі (ЕК) ад 22 сакавіка і прыняў рашэнне аб павышэнні тарыфаў на імпарт некаторых відаў сельскагаспадарчай прадукцыі з Расіі і Беларусі.

Адзначаецца, што “меры накіраваны на падаўленне імпарту ў ЕС збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі, а таксама гранул бураковага жому і сушанага гароху, не закранаючы пры гэтым экспарт у трэція краіны і захоўваючы глабальную харчовую бяспеку”.

“Павышаныя тарыфы распаўсюджваюцца на Беларусь, улічваючы цесныя палітычныя і эканамічныя сувязі гэтай краіны з Расіяй”, — гаворыцца ў паведамленні ЕС.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, каментуючы рашэнне Савета ЕС аб ​​увядзенні ахоўных мытных пошлін на зерне з Беларусі і Расіі, заявіў, што яно “нанясе ўдар па сусветнай харчовай бяспецы”.

“Адбудзецца падвышэнне коштаў на прадукты харчавання, звычайныя фермеры, прадпрымальнікі і іншыя падаткаплацельшчыкі на сабе адчуюць яшчэ шэраг негатыўных наступстваў. Ёсць яшчэ пытанне сусветнай харчовай бяспекі, тэма паставак прадуктаў харчавання для самых бедных краін, па якой Савет ЕС сваім рашэннем нанёс чарговы ўдар”, — сказаў ён.

18 красавіка згаданыя пошліны на ўвоз у Еўрасаюз збожжавых, алейных культур і прадуктаў іх перапрацоўкі з Расіі і Беларусі, уключаючы пшаніцу, кукурузу і сланечнікавы шрот, былі ўхваленыя Еўрапейскім саветам на саміце ў Брусэлі.

Падзяліцца: