Мінск 23:52

Лукашэнка прызнаў дэфіцыт медыкаў: “Некаторыя урачы збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца”

27 кастрычніка, Позірк. “Так, у нас недзе не хапае ўрачоў. Некаторыя ўрачы збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца. З часам мы і гэтую праблему вырашым”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас паездкі ў Мінскі раён 27 кастрычніка.

Ён прапанаваў сваё вырашэнне праблемы. “Маю я варыянты. Ты ўрач — ідзі працуй. Не — кладзі дыплом, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Не хочуць: шэсць гадоў і дыплом кінуць. Ніхто не жадае. Дык калі ты не працуеш, які ты дыпламаваны ўрач? То бок парадак трэба навесці. Хапае ў нас адмыслоўцаў, яшчэ і іншым дапаможам. У Афрыку паляцім хутка: там нас чакаюць, моляцца на нас. Ужо групы туды з’ездзілі, паказалі, дзе што мы можам зрабіць, чым можам дапамагчы”.

Да разгляду праблем у гэтай галіне Лукашэнка мае намер вярнуцца налета: “Ахову здароўя трэба прыводзіць у прытомнасць. Ад студэнта (і, можа, са школы, каб ведалі, куды ідуць) да працы ў бальніцы”.

Ён нагадаў, што ў Беларусі дзейнічае міжведамасная працоўная група па праверцы сістэмы аховы здароўя. Дасягненнем гэтай групы, паводле яго слоў, стала тое, што “ФАПы, участковыя бальніцы, [аддзяленні] сястрынскага догляду, раённыя бальніцы страсянулі сур’ёзна”.

21 верасня Лукашэнка на нарадзе па пытаннях сістэмы адукацыі прапанаваў павялічыць тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні да пяці, а для навучэнцаў на падставе мэтавага накіравання — да сямі гадоў. “Спецыялісты непрымальна для краіны з’язджаюць за мяжу, а мы дык гэта спакойна ставімся”, — аргументаваў ён сваю пазіцыю.

26 студзеня міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што вырашаць праблему недахопу ўрачоў плануецца шляхам павелічэння долі мэтавага набору ў медвузы. Сёлета мэтавы набор склаў 60% ад агульнай колькасці новых студэнтаў, пазней будзе павялічаны да 80%. Выпускнікі абавязаныя адпрацаваць паводле размеркавання пяць і больш гадоў, астатнія бюджэтнікі — два гады.

У рэспубліканскім банку вакансій на 27 кастрычніка маецца 4.894 заяўкі на ўрачоў-спецыялістаў (у канцы красавіка іх было 4.829, студзеня — 4.545, летась у канцы чэрвеня — 3.862).

Не менш за 205 беларускіх медыкаў страцілі працу з палітычных матываў, паведамляла ініцыятыва “Белыя халаты” са спасылкай на Фонд медыцынскай салідарнасці.

Сама меней 17 чалавек пераследавалі ў крымінальным парадку. Мінімальны тэрмін пакарання — 1,5 гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу, максімальны — 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Паводле даных Мінздароўя, у сістэме аховы здароўя працуе 308 тыс. чалавек. З іх непасрэдна медыцынскіх работнікаў больш за 182 тыс., у тым ліку больш як 51,5 тыс. урачоў-спецыялістаў і больш як 112,8 тыс. сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

У арганізацыях аховы здароўя працуе каля 47,5 тыс. урачоў-спецыялістаў і больш як 112,3 тыс. сярэдніх медработнікаў.

Падзяліцца: