Мінск 15:25

Лукашэнка заявіў пра “значны патэнцыял супрацоўніцтва” з Мексікай

Крыніца: pixabay.com

4 чэрвеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка “ад імя беларускага народа і сябе асабіста” павіншаваў Клаўдыю Шэйнбаўм з абраннем на пасаду прэзідэнта Мексікі, паведаміла 4 чэрвеня яго прэс-служба.

У віншаванні Лукашэнка адзначыў “высокія прафесійныя якасці” Шэйнбаўм, якія, на яго думку, “будуць спрыяць паспяховаму ажыццяўленню сацыяльна арыентаванай палітыкі, умацаванню пазіцый краіны на міжнароднай арэне, далейшаму развіццю дружалюбных адносін з замежнымі партнёрамі”.

Віншавальнік “пацвердзіў зацікаўленасць” Мінска “ў наданні большай дынамікі беларуска-мексіканскаму ўзаемадзеянню”, а таксама заявіў, што “сумеснымі намаганнямі” краіны змогуць “рэалізаваць існуючы значны патэнцыял супрацоўніцтва”.

16 верасня 2023 года, віншуючы папярэдняга прэзідэнта Мануэля Лопеса Абрадора з Днём незалежнасці Мексікі, Лукашэнка адзначыў зацікаўленасць Беларусі ў “актывізацыі палітычнага, гандлёва-эканамічнага, навуковага і культурнага ўзаемадзеяння” з гэтай лацінаамерыканскай дзяржавай, а таксама “пашырэнні дагаворна-прававой базы двухбаковых адносін”.

2 чэрвеня ў Мексіцы прайшлі прэзідэнцкія выбары, перамогу на якіх атрымала былая мэр Мехіка Клаўдыя Шэйнбаўм. Яна стала першай жанчынай-прэзідэнтам у гэтай краіне.

У гэты ж дзень грамадзяне Мексікі абіралі дэпутатаў парламента, кіраўнікоў рэгіёнаў і чыноўнікаў мясцовага ўзроўню.

Перадвыбарная гонка суправаджалася высокім узроўнем гвалту. У ходзе электаральнай кампаніі забіта мінімум 37 кандыдатаў на розныя пасады.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Мексікай устаноўленыя ў студзені 1992 года.

У 2016 годзе ў Мінску адкрыта ганаровае консульства Мексікі.

Падзяліцца: