Мінск 06:59

Рада БНР выпусціла марку да 100-годдзя Васіля Быкава

Крыніца: тэлеграм-канал Сяргея Навумчыка

6 чэрвеня, Позірк. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) выпусціла блок паштовых марак, прысвечаны 100-годдзю беларускага пісьменніка Васіля Быкава, паведаміў у сваім тэлеграм-канале намеснік старшыні рады, журналіст і палітык Сяргей Навумчык.

Паводле яго слоў, што традыцыя выпуску паштовык марак адноўленая Радай БНР “пасля 70-гадовага перапынку”.

Дызайн маркі ў гонар Быкава распрацаваны паводле сюжэта вядомага фотаздымка аўтарства Ўладзіміра Кармілкіна, дадаў Навумчык.

“Як вядома, Рада БНР прапанавала абвясціць 2024-ты годам Быкава, 100-годдзе якога беларусы адзначаць праз некалькі дзён, — адзначыў ён. — Для выпуску мы скарысталіся паслугамі чэшскай пошты <…>. Зробленыя два лісты ў розных міжнародных літарных наміналах — як для ўнутраных, так і міжнародных адпраўленняў”.

Апроч таго, паведаміў Навумчык, “абмежаваным накладам выпушчаныя два лісты з павялічанай выявай маркі з партрэтам Быкава”, а таксама з сюжэтам  вядомай паштоўкі з гербам “Пагоня” і выявамі беларускіх гарадоў.

Намеснік старшыні Рады БНР звярнуў увагу, што стваральнікі маркі выкарысталі літару “В”, якую “пры жаданні, можна чытаць як “Васіль”, а можна як “Bykau”.

Выданні марак з “дзейснымі наміналамі паштовай аплаты”, паводле слоў Навумчыка, з’яўляюцца “прадметамі філатэліі”, і рада “пастараецца”, каб “хаця б невялікая колькасьць “быкаўскіх” марак патрапіла на тэрыторыю Беларусі”.

Васіль Быкаў — беларускі празаік, драматург, публіцыст. Класік беларускай літаратуры.

Нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці.

У аснове творчай манеры Быкава — праўда аб Другой сусветнай вайне, апісанне яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.

Пісьменнік меў актыўную грамадзянскую пазіцыю і быў адным з непрымірымых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. Уваходзіў у аргкамітэт, а затым Сойм Беларускага Народнага Фронту, быў прэзідэнтам Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, прэзідэнтам Беларускага ПЭНа.

Пасля прыходу на ўлады Лукашэнкі доўгі час жыў у эміграцыі. Вярнуўся на радзіму незадоўга да смерці.

Памёр 22 чэрвеня 2003 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. Падчас пахавання труна была накрытая бел-чырвона-белым сцягам, развітацца з класікам прыйшлі дзясяткі тысяч беларусаў.

Падзяліцца: