Мінск 18:43

Лукашэнка павіншаваў з 90-годдзем праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі, створаны ў 2005 годзе

Ілюстрацыйнае фота: unsplash.com / Aaron Burden

8 чэрвеня, Позірк. З нагоды 90-годдзя з дня заснавання Саюза пісьменнікаў БССР Аляксандр Лукашэнка 8 чэрвеня накіраваў віншаванне праўладнаму грамадскаму аб’яднанню “Саюз пісьменнікаў Беларусі” (СПБ).

На яго думку, стварэнне пісьменніцкага саюза ў 1934 годзе “заклала трывалы падмурак дзяржаўных стасункаў з аўтарамі мастацкай і нацыянальнай літаратуры, вызначыла яе галоўную задачу — служэнне роднай Айчыне, беларускаму народу”.

“Сярод пачынальнікаў той працы былі яркія майстры слова — Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Чарот, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Міхась Клімковіч, Пятрусь Броўка, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў і іншыя, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Жыццё пацвердзіла каштоўнасць адзінства літаратурных сіл, дзяржавы і грамадства, аўтарытэтнае месца гэтага віду мастацтва ў агульнай прасторы культуры”.

“Многія творы, народжаныя ў 1930-я і пазнейшыя дзесяцігоддзі, і зараз з’яўляюцца прадметам увагі чытачоў. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны адбіўся ў работах пісьменнікаў, якія самі гераічна абаранялі Радзіму. На сцяне рэйхстага пакінулі свае аўтографы паэты Пятро Прыходзька і Паўлюк Прануза. 

“Многія творы, народжаныя ў 1930-я і пазнейшыя дзесяцігоддзі, і зараз з’яўляюцца прадметам увагі чытачоў. Перыяд Вялікай Айчыннай вайны адбіўся ў работах пісьменнікаў, якія самі гераічна баранілі Радзіму. На сцяне рэйхстага пакінулі свае аўтографы паэты Пётр Прыходзька і Паўлюк Прануза”, — дадаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што сёння ў складзе СБП “лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, заслужаныя дзеячы культуры, народны пісьменнік Мікалай Чаргінец”. “Упэўнены, вы і ў далейшым будзеце аб’ектыўна адлюстроўваць сучасныя падзеі і сацыяльныя з’явы”, — падкрэсліў віншавальнік.

Варта адзначыць, што СПБ мае апасродкаванае дачыненне да Саюза пісьменнікаў БССР.

У 1991 годзе савецкае аб’яднанне было пераўтворанае ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, які пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім і культурным жыцці краіны, развіваць і садзейнічаць пашырэнню беларускай мовы і літаратуры.

Незалежная творчая асацыяцыя ў сваёй большасці не падтрымлівала палітыку рэжыму Лукашэнкі, праз што сутыкнулася з ціскам з боку ўладаў. У 1997 годзе ў арганізацыі забралі Дом літаратара.

У 2005 годзе група літаратараў на чале з Мікалаем Чаргінцом, празаікам з міліцэйскім мінулым, адкалолася ад Саюза беларускіх пісьменнікаў і заснавала лаяльны да ўлады СПБ. Гэтай арганізацыі рэжым Лукашэнкі перадаў Дом літаратара і пачаў аказваць усялякую падтрымку.

Увесну 2006 года ўлады спрабавалі ліквідаваць праз суд арыгінальнае пісьменніцкае аб’яднанне, але пацярпелі няўдачу. Зімой 2017-га Міністэрства культуры прыняло пастанову пра творчыя саюзы, у пералік якіх не быў уключаны Саюз беларускіх пісьменнікаў, але трапіў яго праўладны аскепак.

У 2020 годзе Саюз беларускіх пісьменнікаў выступіў з адкрытым зваротам, у якім асудзіў фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў, гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў, а таксама заклікаў рэжым Лукашэнкі прызнаць сваё паражэнне і прыняць волю народа. У сваю чаргу СПБ чакана стаў на бок уладаў.

На хвалі рэпрэсій у дачыненні да структур грамадзянскай супольнасці ўлетку 2021 года ў офісе Саюза беларускіх пісьменнікаў прайшоў вобшук, Следчы камітэт канфіскаваў тэхніку і інфармацыйныя носьбіты, апячатаў памяшканне. Міністэрства юстыцыі з фармальных прычын вынесла некалькі папярэджанняў аб’яднанню, на падставе якіх Вярхоўны суд яго ліквідаваў.

Праз ганенні на радзіме многія літаратары апынуліся ў эміграцыі. Для захавання іх адзінства ў 2022 годзе за мяжой быў заснаваны Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў.

У тым жа годзе Лукашэнка даў Мікалаю Чаргінцу званне народнага пісьменніка Беларусі. Упершыню ў гісторыі краіны гэты статус атрымаў аўтар, які не напісаў ніводнай кнігі на беларускай мове.

Падзяліцца: