Мінск 02:37

Арменія адклікала свайго амбасадара ў Беларусі для кансультацый

Амбасадар Арменіі Размік Хумаран
Скрыншот: архіўны сюжэт ТРК "Віцебск"

13 чэрвеня, Позірк. Амбасадар Арменіі ў Беларусі выкліканы ў Ерэван для кансультацый, заявіла прэс-сакратар армянскага знешнепалітычнага ведамства Ані Бадалян 13 чэрвеня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”.

Падрабязнасцяў яна не прывяла.

Дыпламатычнае прадстаўніцтва Арменіі ў Беларусі ўзначальвае Размік Хумаран.

Ерэван адклікаў амбасадара на фоне апошніх заяў прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна пра тое, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік армянскага ўрада сказаў пра гэта ў кантэксце заяў Лукашэнкі пра карабахскі канфлікт на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

“Адзін з кіраўнікоў краін АДКБ заяўляе, што ўдзельнічаў у падрыхтоўцы вайны, заахвочваў, верыў і зычыў перамогі Азербайджана. І пасля гэтага я паеду з кіраўніком Беларусі ў фармаце АДКБ нешта абмяркоўваць? <…> Канстатую, што з гэтага часу больш ніколі не паеду ў Беларусь. Пакуль у Беларусі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. І ўвогуле заяўляю, што з гэтага моманту ніводзін афіцыйны прадстаўнік Арменіі не паедзе ў Беларусь. Наогул”, — падкрэсліў Пашынян.

Ён дапусціў кантакты прадстаўнікоў Арменіі ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя таго, кіраўнік армянскага ўрада не выключыў, што Ерэван захавае членства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, калі “Беларусь сама пакіне АДКБ” або Лукашэнка “знойдзе для народа Арменіі такія словы выбачэнняў і тлумачэнняў, якія будуць прымальныя для народа Арменіі”.

Выступаючы ў парламенце 12 чэрвеня, Пашынян абвінаваціў АДКБ у тым, што асобныя члены “планавалі вайну” супраць Арменіі з Азербайджанам. Адзін з апазіцыйных дэпутатаў на гэта адрэагаваў: “Выйдзіце тады з гэтага саюза”.

“Мы выйдзем, вы мяне гэтым пужаеце? У нас усё добра, мы вырашым, калі пойдзем. Як вы думаеце, які наступны крок, ці можам мы вярнуцца назад? Не хвалюйцеся”, — адказаў Пашынян.

Пазней кіраўнік МЗС Арменіі Арарат Мірзаян, каментуючы выказванні кіраўніка ўрада, назваў памылковым сцвярджэнне, што краіна выходзіць з АДКБ. “Прэм’ер-міністр заявіў, што мы вырашым, калі выйдзем, але назад не вернемся. Калі нехта сцвярджае, што прэм’ер-міністр Арменіі заявіў, што Арменія выходзіць з АДКБ, то памыляецца”, — сказаў чыноўнік.

Пра тое, што Ерэван замарозіў удзел у АДКБ, Пашынян заявіў 23 лютага ў інтэрв’ю тэлеканалу France 24 і пазней неаднаразова паўтараў на міжнародных сустрэчах. Прычынай таму стала незадаволенасць армянскіх уладаў тым, што саюзнікі па ваенна-палітычным блоку не аказалі дапамогу падчас канфлікту з Азербайджанам.

22 траўня Пашынян заявіў у парламенце: “У падрыхтоўцы 44-дзённай вайны 2020 года ўдзельнічалі не з нашага боку нашыя саюзнікі. Я ведаю як мінімум дзве краіны — члена АДКБ, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы вайны супраць нас. Гэтыя краіны, магчыма, стваралі імітацыю дапамогі нам”. Паводле яго слоў, вайна з Азербайджанам была “не праз Нагорны Карабах”, а “пра тое, каб Арменія нічога з сябе не ўяўляла”, яе мэтай было “спыненне існавання Арменіі”.

Кіраўнік армянскага ўрада не ўдакладніў, якія краіны мае на ўвазе, але мімаходзь згадаў у сваёй прамове Аляксандра Лукашэнку.

Пасля заявы Пашыняна Расія адклікала свайго амбасадара з Арменіі, афіцыйны прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава заявіла, што Маскве цікава даведацца, пра якія краіны казаў Пашынян.

44-дзённай вайной Ерэван называе ваенныя дзеянні Азербайджана супраць Арменіі і самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР) увосень 2020 года. Тады канфлікт быў спынены пры пасярэдніцтве Расіі. Праз тры гады Баку правёў у Нагорным Карабаху “антытэрарыстычныя мерапрыемствы лакальнага характару”, у выніку якіх рэгіён цалкам перайшоў пад яго кантроль, а НКР спыніла існаванне.

Лукашэнка разлічвае на “працяг канструктыўнага дыялогу” з Арменіяй па “шырокім спектры пытанняў як у двухбаковым фармаце, так і на міжнародных і інтэграцыйных пляцоўках”. Свае чаканні ён абазначыў сёлета 1 чэрвеня, віншуючы Пашыняна з 49-годдзем.

Падзяліцца: