Мінск 04:41

Новы кіраўнік Мінінфарма Маркаў: Пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія

Архіўнае фота: ont.by

13 чэрвеня, Позірк. “Пачалася прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Таму ўпэўнены, што разам мы вырашым усе пытанні і задачы, якія будуць перад намі стаяць”, — заявіў дзяржСМІ прызначаны 13 чэрвеня міністрам інфармацыі экс-кіраўнік тэлеканала АНТ (ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”) Марат Маркаў.

Паводле яго сцвярджэння, дзяржаўныя медыя “сталі значна больш зубастымі” і “прэвалююць на гэтай інфармацыйнай прасторы”.

На думку намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, экс-міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, “перыяд сёння няпросты”.

“Супернік у нас агрэсіўны, высокатэхналагічны і крэатыўны”, — заявіў ён, прадстаўляючы Маркава супрацоўнікам ведамства.

Беларускі медыяландшафт, лічыць Перцоў, за апошнія гады “вычышчаны” ад “варожых праяў”, якія “пладзіліся і размнажаліся і з нейкай нагоды называлі сябе незалежнымі СМІ”.

“Але тым не менш расслабляцца не варта”, — сказаў чыноўнік.

Пасада міністра інфармацыі была вакантнай з 8 красавіка, калі Лукашэнка прызначыў Перцова на цяперашнюю пазіцыю.

Кадравае прызначэнне накіраванае на ўмацаванне прапагандысцкай машыны, заявіў “Позірку” медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Маркаў нарадзіўся ў 1969 годзе ў Лунінцы (Брэсцкая вобласць). Скончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча (на сёння Ваенная акадэмія), юрыдычны факультэт БДУ і Акадэмію кіравання.

Працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі. У 2011–2017 гадах быў намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі. У 2017 годзе ўзначаліў тэлеканал АНТ, дзе праводзіць інтэрв’ю ў праграме “Маркаў. Нічога асабістага”. Вядомыя выпадкі інтэрв’юявання палітвязняў, у прыватнасці блогера Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на той момант у няволі, расійскіх праўладных дзеячаў.

Сёмыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Падрыхтоўка да іх на ўзроўні рыторыкі з боку ўладаў пачалася сёлета. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка ўжо выказаў жаданне прыняць удзел у кампаніі.

Цэнтрвыбаркам 5 чэрвеня правёў “нараду-семінар з удзелам арганізатараў выбараў”. На ім кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што прэзідэнцкія выбары пройдуць па дзейным Выбарчым кодэксе. Такім чынам, орган дэ-факта пачаў да іх падрыхтоўку.

11 чэрвеня Лукашэнка “прыняў з дакладам” Карпенку і заявіў: “Выбары пастараемся правесці так, каб камар носа не падтачыў. Нам няма ніякай неабходнасці (як гэта было і ў мінулыя гады) ціснуць, адміністрацыйны рэсурс выкарыстоўваць. Мы сапраўды і прыстойна здольныя правесці гэтыя выбары”.

Афіцыйна выбары на дадзены момант не прызначаны, старт выбарчай кампаніі не дадзены.

Пасля масавых пратэстаў у перыяд прэзідэнцкіх выбараў 2020 года незалежныя СМІ выціснуты з краіны, іх дзейнасць крыміналізавана, рэсурсы блакуюцца ўладамі як “экстрэмісцкія”.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, якая працуе за мяжой, на 13 чэрвеня ў няволі знаходзіцца 37 прадстаўнікоў медыясферы.

Падзяліцца: