Мінск 20:15

Першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Зайчука падазраюць у атрыманні хабараў

Архіўнае фота: сайт Брэсцкага аблвыканкама

14 чэрвеня, Позірк. У дачыненні да першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Валянціна Зайчука вядзецца следства, яго падазраюць у атрыманні хабараў, паведаміў Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня на нарадзе з урадам.

Чыноўнік, сцвярджае спікер, атрымліваў тысячы долараў за “спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю”.

“Зямельныя ўчасткі, выдзяленне грашовых сродкаў (гэта значыць вы грошы даяце, а ён іх дзеліць з тымі, каму вы даяце), перадача інфармацыі пра будаўнічыя аб’екты сельгаспрызначэння і гэтак далей. За садзейнічанне”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён таксама паведаміў, што пад следствам знаходзяцца Павел Важнік, які апошнім часам кіраваў мінскім прадпрыемствам “Гараўтамост”: “З ліпеня 2023 года набраў хабараў на дзясяткі тысяч долараў”.

Узгадаў Лукашэнка таксама пра знойдзеную ў першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі (БЧ) Пятра Дулуба суму — больш за 3,2 млн долараў.

Паводле яго слоў, адначасова з дакладам па гэтым факце з урада паступіла прапанова перадаць сельгаспрадпрыемства “Свіцязь” з-пад кіраўніцтва Баранавіцкага аддзялення БЧ, таму што “ў чыгункі няма грошай”.

“Некалі перадалі, каб яны там уклаліся і паднялі гэты калгас, — нагадаў Лукашэнка. — Дык вось — 3 мільёны. Калі б першы нам у гэты калгас уклаў, там бы не было праблем”.

Штораніцы, заявіў Лукашэнка, ён знаёміцца з дакументамі “пра ўсе выхадкі”: “Я ж вам намякаў, не лезьце, не бярыце чужое. Не чапайце, гэта не ваша. Таямніцай у Беларусі гэта не будзе”.

Паводле даных Генпракуратуры, у 2023 годзе колькасць “улічаных карупцыйных злачынстваў” павялічылася ў Беларусі на 16,4% — з 1.076 да 1.253. Пры гэтым на 12,8% вырасла колькасць асоб, якія іх здзейснілі.

Падзяліцца: