Мінск 09:34

Краіны G7 асудзілі саўдзел Мінска ў вайне супраць Украіны і заклікалі вызваліць палітвязняў

Крыніца: usembassy.gov

14 чэрвеня, Позірк. У сумеснай заяве падчас штогадовага саміту, які праходзіць у італьянскім Брындызі 13–15 чэрвеня, краіны “Вялікай сямёркі” (G7) асудзілі саўдзел Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Як паведамляе італьянскае выданне Quotidiano Nazionale, лідары краін G7 таксама выказалі “занепакоенасць рэпрэсіямі рэжыму [Аляксандра Лукашэнкі] у дачыненні да незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці, апазіцыі і грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне”.

Адзначаецца, што “пад пільнай увагай” застаецца абыходжанне афіцыйнага Мінска з палітвязнямі. G7 запатрабавала іх “неадкладнага і безумоўнага вызвалення”.

19 красавіка на Капры (Італія) кіраўнікі МЗС краін G7 згадалі Беларусь па выніках сустрэчы “Падтрымка Украіны”.

У дакуменце міністры асудзілі саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны.

Беларусь згадваецца ў выніковай заяве ў сувязі з размяшчэннем на яе тэрыторыі ядзернай зброі, што аўтары называюць часткай “безадказнай ядзернай рыторыкі Расіі і яе пазіцыі стратэгічнага запалохвання”. Яны папярэдзілі, што любое прымяненне РФ хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі будзе мець сур’ёзныя наступствы.

У сустрэчы міністраў прымала ўдзел дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Яна пазначыла мэтай “вярнуць Беларусь у міжнародны парадак дня, каб міжнародная супольнасць адрознівала беларускі рэжым ад народа, а ізалюючы Лукашэнку, не ізалявала беларусаў”.

У 2024 годзе Італія старшынюе ў G7, куды ўваходзяць таксама Вялікабрытанія, Германія, Канада, ЗША, Францыя і Японія.

Падзяліцца: