Мінск 06:36

12 праваабарончых арганізацый заклікалі Сербію не экстрадаваць беларускага рэжысёра Гнёта

Крыніца: старонка Андрэя Гнёта ў "Інстаграме"

14 чэрвеня, Позірк. Не экстрадаваць у Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта заклікалі Сербію ў сумеснай заяве 12 праваабарончых арганізацый.

Заява апублікаваная 14 чэрвеня на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

Паводле слоў праваабаронцаў, у Беларусі Гнёта могуць чакаць “катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання”, бо ў краіне фіксуюцца “грубыя парушэнні правоў чалавека, многія з якіх можна прыраўняць да злачынстваў супраць чалавечнасці”.

“Экстрадыцыя ў Беларусь уяўляе істотную пагрозу жыццю і здароўю Андрэя Гнёта. У дадатак да грубых і сістэматычных парушэнняў права на справядлівы суд, якія прыводзяць да палітычна матываваных працэсаў, адсутнасці доступу да незалежных адвакатаў і несуразмерных прысудаў, палітвязні ў Беларусі сутыкаюцца з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем у беларускіх месцах утрымання пад вартай, якія сумна вядомыя сваімі жорсткімі ўмовамі”, — гаворыцца ў заяве.

Аўтары звяртаюць увагу, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі “задакументаваныя шматлікімі праваабарончымі арганізацыямі”, а таксама спецдакладчыкам ААН.

“Затрыманыя, пазбаўленыя волі па палітычна матываваных абвінавачваннях, падвяргаюцца сістэматычным прыгнётам і жорсткаму абыходжанню, уключаючы неабгрунтаванае, працяглае і шматразовае змяшчэнне ў штрафныя ізалятары. Там ім пагражае ізаляцыя і ўтрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам. Ім рэгулярна адмаўляюць у доступе да медыцынскай дапамогі, адвакатах і спатканнях са сваякамі. У папраўчых калоніях зняволеныя таксама падвяргаюцца прымусовай працы”, — адзначаюць праваабаронцы.

Сербія абавязаная выконваць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, бо з’яўляецца дзяржавай — удзельніцай Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека (ЕКПЧ), Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП) і Канвенцыі ААН супраць катаванняў (КСК ААН).

У адпаведнасці з артыкулам 3 ЕКПЧ, заяўляюць праваабаронцы, дзяржавы не могуць экстрадаваць чалавека ў краіну, дзе ён можа сутыкнуцца з “катаваннямі або іншым формамі жорсткага абыходжання”.

“Сёння экстрадыцыя практычна кожнага грамадзяніна Беларусі, які ўцёк з краіны ў выніку жорсткіх рэпрэсій беларускіх уладаў пасля мірных пратэстаў 2020 года, ставіць іх пад непасрэдную рызыку палітычна матываванага пераследу”, — падкрэсліваецца ў звароце.

Заяву падпісалі беларускія, замежныя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі: цэнтр “Вясна”, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, “Еўрапейскі абмен”, Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI), Італьянская федэрацыя па правах чалавека (FIDU), Фонд “Дом правоў чалавека” (HRHF), Libereco (Германія, Швейцарыя), Нарвежскі Хельсінкскі камітэт, “Усходняя група За дэмакратыю і правы чалавека” (Östgruppen), “Людзі ў бядзе”, “Паважаць-Абараняць-Забяспечваць ” (RPF).

41-гадовы Гнёт — рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World Of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Актывіста было вырашана выдаць Беларусі, аднак 12 сакавіка апеляцыйны суд у Бялградзе адмяніў гэтую пастанову. Справа пераглядалася яшчэ некалькі разоў.

31 траўня суд пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае “ў мэтах яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці паводле абвінавачвання ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) <…> на падставе пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага ад 08.11.2023 года”. Рашэнне Гнёт і яго адвакат атрымалі 13 чэрвеня.

Падзяліцца: