Мінск 15:36

Да Алімпіяды ў Парыжы дапушчана 11 спартсменаў з беларускім пашпартам, спіс не канчатковы

Ілюстрацыйнае фота: сайт МАК

15 чэрвеня, Позірк. 11 спартсменаў з беларускім пашпартам ужо дапушчаныя да ўдзелу ў парыжскай Алімпіядзе 2024 года ў якасці індывідуальных нейтральных атлетаў, вынікае з паведамлення Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК).

Адзначаецца, што ўсе яны ўхваленыя нейтральнай групай па праверцы адпаведнасці спартсменаў кваліфікацыйным патрабаванням (AINERP), якую МАК заснаваў сёлета ў сакавіку.

Да спаборніцтваў па шашэйных велагонках дапушчаная Ганна Церах, скачкам на батуце — Віялета Бардзілоўская і Іван Літвіновіч, цяжкай атлетыцы — Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў, вольнай барацьбе — Ягор Акуліч, Уладзіслаў Казлоў, Абубакар Хаслаханаў, Дзмітрый Зарубскі, Віялета Рэбікава, Крысціна Сазыкіна.

МАК падкрэслівае, што спіс будзе абнаўляцца па меры прыняцця рашэнняў AINERP.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі паведамляў, што на канец траўня беларускія спартсмены атрымалі не менш як 30 ліцэнзій на ўдзел у АГ-2024.

Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы 26 ліпеня — 11 жніўня 2024 года.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, МАК заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартсмену нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз яго пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі 8 снежня МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў АГ-2024 у нейтральным статусе.

БФСС пачаў праверку нейтральнасці беларускіх атлетаў, якія атрымалі алімпійскія ліцэнзіі

3 чэрвеня, Позірк. Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці (БФСС) правярае, ці адпавядаюць крытэрыям нейтральнасці атлеты-суайчыннікі, якія атрымалі ліцэнзіі на Алімпійскія гульні 2024 года. Паводле інфармацыі БФСС, працэдура верыфікацыі пройдзе з 4 чэрвеня па 15 жніўня. Удакладняецца інфармацыя пра датычнасць атлетаў да сілавых структур, …
Падзяліцца: