Мінск 06:56

Праваабаронца Судаленка завочна асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі

Архіўнае фота: ПЦ "Вясна"

17 чэрвеня, Позірк. Да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму прыгавораны завочна Гомельскім абласным судом вядомы беларускі праваабаронца, былы палітвязень Леанід Судаленка, паведамляе “Гомельская Вясна”.

У адпаведнасці з рашэннем суда ад 17 чэрвеня Судаленка таксама павінен выплаціць штраф у памеры 650 базавых велічынь (26.000 рублёў).

Праваабаронца абвінавачваўся паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Аб заканчэнні следства па справе Судаленка напісаў у “Фэйсбуку” 8 красавіка.

“Следчы камітэт паведаміў сёння аб заканчэнні расследавання новага абвінавачвання мяне ў “іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці”, прычым абвінавачваючы ў паўторнасці (да 7 гадоў турмы). Паведамляецца аб перадачы справы пракурору для накіравання ў суд”, — адзначыў ён.

Судаленка дадаў, што “са свайго боку” паведамляе Следчаму камітэту пра “перадачу фактаў палітычных рэпрэсій у створаную пры Савеце ААН па правах чалавека групу міжнародных экспэртаў, якія займаюцца расследаваннямі рэпрэсій у Беларусі”.

Пра пачатак спецвытворчасці Следчы камітэт паведаміў 4 сакавіка.

У рамках першай крымінальнай справы праваабаронца быў затрыманы 18 студзеня 2021 года, абвінавачаны ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні” (ч. 1 і 2 арт. 342 КК).

3 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў праваабаронцу да трох гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён вызваліўся пасля адбыцця пакарання ў ліпені 2023 года і пакінуў краіну.

17 студзеня 2024 года Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН даслаў Судаленку рашэнне з нагоды скаргі аб сістэматычных парушэннях недатыкальнасці яго прыватнага жыцця, гарантаванага арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Судаленка звяртаўся ў КПЧ з нагоды паглыбленых надглядаў на мяжы і існавання “палітычнага спісу” ў памежнікаў у 2015 годзе. Мяркуючы па нумары (№2929/2017), скарга была прынятая ў 2017 годзе.

КПЧ прыйшоў да высновы, што кожны чалавек павінен мець права ведаць якія персанальныя даныя і дзеля якіх мэт захоўваюцца ў аўтаматычных базах дзяржаўных органаў. Таксама кожны павінен мець магчымасць высветліць, якія дзяржорганы кантралююць або могуць кантраляваць персанальныя дадзеныя і іх адпаведнасць рэчаіснасці.

Згодна з прынятым рашэннем, беларускі ўрад павінен забяспечыць пацярпеламу эфэктыўную прававую абарону, у тым ліку поўнае пакрыццё шкоды і любых выдаткаў, якія ён меў. Беларусь абавязаная таксама прыняць меры для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучыні.

Падзяліцца: