Мінск 14:39

Дэмсілы Беларусі дамагаюцца статуса назіральніка ў ААН, сенатары ЗША просяць ім дапамагчы

Генасамблея ААН
Ілюстрацыйнае фота: UN Photo / Loey Felipe

18 чэрвеня, Позірк. З просьбай падтрымаць заяўку беларускіх дэмакратычных сіл на атрыманне статусу сталага назіральніка ў ААН да прадстаўніцтва Злучаных Штатаў Амерыкі ў гэтай арганізацыі звярнуліся заснавальнікі кокусу “Свабодная Беларусь” у Сенаце ЗША Джын Шахін і Роджэр Уікер.

Сенатары звярнулі ўвагу амерыканскага амбасадара ў ААН Лінды Томас-Грынфілд, што з 1946 года арганізацыя дазваляе бакам, якія не з’яўляюцца яе членамі, удзельнічаць у сесіях і працы Генеральнай Асамблеі. Гэтая практыка, на думку парламентарыяў, “садзейнічае падвышэнню аўтарытэту тых, хто верыць у міжнародны парадак, заснаваны на правілах”.

“Ад імя больш як 1.500 палітычных вязняў, якіх аўтарытарны рэжым у Беларусі трымае ў турме, і для таго, каб голас народа Беларусі быў пачуты міжнароднай супольнасцю, мы пераканаўча просім прадстаўніцтва ЗША пры ААН падтрымаць заяўку беларускага дэмакратычнага руху на атрыманне статусу сталага назіральніка”, — адзначылі аўтары ліста.

Яны звярнулі ўвагу, што пасля сфальсіфікаваных выбараў прэзідэнта 2020 года рэжым Аляксандра Лукашэнкі “імкнецца абмежаваць свабоду слова, арыштаваць дысідэнтаў і лідараў апазіцыі і наладзіць больш шчыльныя стасункі з Расіяй у сферы бяспекі, палітыкі і эканомікі”. Улады Беларусі, падкрэслілі сенатары, спрыялі поўнамаштабнаму ўварванню РФ ва Украіну ў лютым 2022 года, даўшы сваю тэрыторыю для нападу, працягваюць дазваляць РФ перамяшчаць праз сваю тэрыторыю “ўкраінскіх дзяцей, незаконна разлучаных са сваімі сем’ямі”.

“Гэтыя погляды і практыка не адпавядаюць імкненню беларускага народа жыць у мірным, дэмакратычным грамадстве”, — перакананы яны.

Аўтары дакумента нагадалі, што ЗША прызнаюць Святлану Ціханоўскую “пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі і легітымным прадстаўніком беларускага народа”; амерыканскія ўлады “супрацоўнічаюць з яе офісам і тымі, хто супрацьстаіць аўтарытарызму рэжыму Лукашэнкі, каб падтрымаць суверэнную, дэмакратычную будучыню Беларусі”.

“Гэтыя абаронцы свабоды заслугоўваюць таго, каб іх пачулі і прызналі ў міжнародных інстытутах, у тым ліку ў ААН, — гаворыцца ў лісце. — Акрамя таго, падтрымка заяўкі на атрыманне беларускім дэмакратычным рухам статусу сталага назіральніка ў ААН стане недвухсэнсоўным сігналам пра тое, што ўлады Беларусі не выканалі свае абавязацельствы па стварэнні мірнага, бяспечнага, дэмакратычнага і квітнеючага асяроддзя для беларускага народа”.

Сенатары адзначылі, што Кангрэс працуе над прыняццем Акту аб дэмакратыі, “які пацвярджае прыхільнасць ЗША дэмакратычнай Беларусі”, але “неабходна зрабіць больш, каб супрацьстаяць наступу рэжыму Лукашэнкі на асноўныя свабоды”.

“Улады Беларусі зрабілі крокі, каб расправіцца з незалежнымі СМІ, забаранілі беларусам, якія жывуць за мяжой, атрымліваць пашпарты і важныя дакументы. Удзел беларускага дэмакратычнага руху ў Генеральнай Асамблеі дасць офісу Святланы Ціханоўскай і дэмакратычнаму руху дадатковыя тэхнічныя рэсурсы для падтрымкі народа Беларусі, які адрынае легітымнасць рэжыму Лукашэнкі”, — лічаць аўтары дакумента.

“Абазначыўшы беларускі дэмакратычны рух як надзейнага міжнароднага актара ў ААН, сусветная супольнасць будзе лепш падрыхтаваная да сумеснай працы па супрацьстаянні аўтарытарным рэжымам у Беларусі і па ўсім свеце”, — падсумавалі Шахін і Уікер.

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі падзякаваў сенатарам за падтрымку і адзначыў, што атрыманне статусу сталага назіральніка ў ААН стала б для беларускіх дэмсіл “лагічным развіццём намаганняў па інстытуцыяналізацыі стасункаў з партнёрамі”.

Палітык нагадаў на сваёй старонцы ў сацсетцы Х, што ўжо існуюць кантактная група ў Савеце Еўропы, кансультатыўная група ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, стратэгічны дыялог з Дзярждэпартаментам ЗША, наладжана супраца з Еўрапарламентам, створаны Альянс дэмакратычнай Беларусі з дзясяткамі парламентаў, прызначаныя спецпасланнікі МЗС шэрагу краін, маецца група сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, развіваецца палітычны дыялог з НАТО.

“Гэтыя механізмы забяспечваюць сталую прысутнасць Беларусі ў міжнародным парадку дня, што прыводзіць да практычных рашэнняў і крокаў нашых партнёраў у падтрымку дэмакратычнай, незалежнай, свабоднай Беларусі. Такія шырокія інстытуцыйныя стасункі падкрэсліваюць, што суверэнітэт належыць беларускаму народу, а не дыктатару”, — заявіў Кавалеўскі.

Падзяліцца: