Мінск 18:03

Пададзена скарга на рашэнне суда ў Сербіі аб экстрадыцыі рэжысёра Гнёта ў Беларусь

Фота: старонка Гнёта ў "Інстаграме"

18 чэрвеня, Позірк. “Толькі што была пададзена вялікая апеляцыя, якая аспрэчвае рашэнне Вышэйшага суда Бялграда [у] Сербіі аб маёй экстрадыцыі ў Беларусь”, — напісаў рэжысёр Андрэй Гнёт на сваёй старонцы ў “Інстаграме”.

“Тое, што вы бачыце — гэта доказы майго палітычнага пераследу, катаванняў, і бесчалавечнага абыходжання”, — патлумачыў ён апублікаваную фатаграфію з вялікім стосам дакументаў.

41-гадовы Гнёт – рэжысёр тэлерэкламы і музычных кліпаў, журналіст і сузаснавальнік аб’яднання SOS.by, якое ў Беларусі прызнана “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Працаваў з вядомымі брэндамі, сярод якіх МТС, Mark Formelle, “Бульбашъ”, “Аліварыя”, “Спартак”, “Беллакт”, World of Tanks.

Быў затрыманы 30 кастрычніка 2023 года памежнай службай Сербіі пасля прылёту ў Бялград, пасля чаго перададзены паліцыі. Прычына затрымання — знаходжанне ў міжнародным вышуку на запыт беларускага бюро Інтэрпола ад 21 верасня 2023 года. Ведамства прасіла экстрадаваць Гнёта ў Беларусь для крымінальнага пераследу.

Мінск сцвярджае, што справа носіць эканамічны характар, абарона Гнёта настойвае на тым, што яго пераследуюць з палітычных матываў.

Увесну актывіста ўжо было вырашанае выдаць Беларусі, але рашэнне ўдалося паспяхова абскардзіць, справу адправілі на перагляд.

31 траўня Вышэйшы суд у Бялградзе зноў пастанавіў, што патрабаванне выдаць Гнёта беларускім праваахоўным органам законнае і павінна быць задаволенае “ў мэтах яго прыцягнення да крымінальнай адказнасці на падставе абвінавачання ў здзяйсненні крымінальнага злачынства паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў) <…> на падставе пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да абвінавачанага ад 08.11.2023 года”.

За Гнёта заступіліся дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі дыяспар, беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Еўрасаюз, сітуацыя з ім абмяркоўвалася з уладамі ЗША.

Падзяліцца: