Мінск 09:24

“БелДжы” будзе гатовае да доследнай вытворчасці электрамабіляў у верасні, мяркуе дырэктар

Belgee X50
Ілюстрацыйнае фота: сайт завода "БелДжы"

18 чэрвеня, Позірк. Сумеснае прадпрыемства “БелДжы” павінна быць гатовае да доследнай вытворчасці электрамабіляў сёлета на пачатку восені, вынікае з інтэрв’ю генеральнага дырэктара завода Генадзя Свідзерскага парталу av.by.

Электрамабілі плануецца вырабляць на базе мадэлі Belgee X50. Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, ужо падрыхтаваная “канструктарская дакументацыя на змяненне дэталяў кузава з улікам усталявання батарэі”.

Завод замовіў у кітайскай кампаніі Geely пяць камплектаў — без рухавікоў унутранага згарання (РУЗ) і каробак перадач. Пастаўка чакаецца да канца ліпеня.

Свідзерскі паведаміў, што беларускія арганізацыі і прадпрыемствы супрацоўнічаюць паміж сабой “па інвертарах, электрарухавіках”. “Сама ідэя заключалася ў тым, што машына павінна стаць на дзейны канвеер “БелДжы”, тым самым ашчадзіўшы сродкі на падрыхтоўку вытворчасці, і мусіць утрымліваць блокі, распрацаваныя ў краіне. Вырашаюцца пытанні па вырабе акумулятара, і, я думаю, у верасні ўжо будзе гатовы ўвесь набор для вытворчасці доследнай партыі электракараў”, — заявіў ён.

Паводле слоў Свідзерскага, на базе доследнай партыі менеджмент вызначыць камерцыйны кошт электрамабіля Belgee eX50.

“Мы ўжо маем разуменне на прыкладзе той жа [мадэлі электрамабіля Geely] Geometry С: за 99 тысяч рублёў электракар масава не прадаецца, значыць, павінна быць танней, — сказаў ён. — Мы ведаем, што бензінавы X50 за 66 тысяч рублёў паказвае нядрэнныя вынікі… Зразумела, што электракар не будзе таннейшы за мадэль з РУЗ”.

Гендырэктар “БелДжы” спадзяецца, што доследная партыя з пяці ўзораў дазволіць ацаніць тэхнічную абгрунтаванасць праекта: колькі электрамабіль будзе праязджаць на адным зарадзе, колькі энергіі спажываць, якая надзейнасць агрэгатаў ды інш.

На прэс-канферэнцыі 30 студзеня ў Мінску Свідзерскі заявіў, што электрамабіль створаны толькі як эксперыментальны ўзор.

“Так, ён едзе 400 кіламетраў і разганяецца да 130 кіламетраў на гадзіну, — адзначыў ён. — Паводле ўсіх канонаў пасля эксперыментальнага вырабляецца доследная партыя, дзе будуць вызначацца не толькі тэхнічныя, але і камерцыйныя характарыстыкі”.

22 кастрычніка 2021 года Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву ўрада пашырыць выкарыстанне ў Беларусі электратранспарту, увязаўшы гэта з запускам Беларускай АЭС і тым, што “ўжо практычна ўсе краіны ідуць гэтым шляхам”. Месяцам пазней ён падпісаў указ аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў.

27 ліпеня 2022 года першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў па выніках нарады на заводзе “БелДжы” заявіў, што ў Беларусі да 2025-га “павінны максімальна асвоіць камплектную базу ўласнага электрааўтамабіля”.

10 верасня 2022 года Аб’яднаны інстытут машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук прадставіў “першы айчынны спартыўны электрамабіль” на ралі Minsk ELECTRO-2022. Начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтра АІМ Аляксандр Бялевіч паведаміў, што “большасць электронікі ў электрамабілі, у тым ліку сістэма кіравання — уласнай вытворчасці”.

Раней прадстаўнікі НАН неаднаразова заяўлялі пра намер стварыць айчынны электрамабіль. Прадстаўленыя пасля ўзоры мелі абмежаваную ступень лакалізацыі. Навукоўцы не раз заяўлялі пра складанасць арганізацыі поўнага цыкла вытворчасці электрамабіляў у Беларусі, у тым ліку праз спецыфіку вырабу батарэй, адсутнасць лініі па вытворчасці кузаваў ды інш.

Падзяліцца: