Мінск 04:33

Метэазонд з цыгарэтамі з Беларусі заляцеў проста на літоўскі пагранпераход

Фота: САДМ

18 чэрвеня, Позірк. Чарговая спроба таемна пераправіць кантрабандны груз цыгарэт з Беларусі ў Літву з дапамогай метэазонда апынулася няўдалай, паведамляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ).

Паводле інфармацыі літоўскіх памежнікаў, у ноч на 15 чэрвеня аэрастат з грузам з 1.250 пачкаў цыгарэт адправілі з беларускай тэрыторыі ў бок вёскі Памурыне (Шальчынінкайскі раён Вільнюскага ўезду, на ўсходзе акружаны Ашмянскім, Іўеўскім і Воранаўскім раёнамі Гродзенскай вобласці). Аб’ект у палёце выявілі з дапамогай прыбора начнога бачання.

Адметна, што метэазонд прызямліўся не ў пункце прызначэння, а проста на тэрыторыі пункта пропуску Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі).

Аэрастат быў абсталяваны двума GPS-прыладамі для адсочвання перамяшчэння.

Паводле інфармацыі САДМ, апошнім часам кантрабандысты “ўсё часцей выбіраюць дыстанцыйныя спосабы транспартавання цыгарэт”.

Раней памежная служба паведамляла, што агулам зафіксавана 19 выпадкаў запуску метэаралагічных шароў з кантрабандай. У 2022 годзе такіх выпадкаў не фіксавалася, у 2023-м іх было тры. Літоўскія метэаролагі адзначалі, што для паспяховага выкарыстання гэтых аэрастатаў “неабходныя адмысловыя веды і навыкі, а таксама спрыяльныя ўмовы надвор’я”.

Падзяліцца: