Мінск 08:00

“Вясна” запатрабавала адмяніць прысуд праваабаронцу Судаленку

Крыніца: фэйсбук-старонка Леаніда Судаленкі

20 чэрвеня, Позірк. Адмяніць вынесены ў дачыненні да Леаніда Судаленкі прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцаў запатрабаваў у заяве 20 чэрвеня праваабарончы цэнтр “Вясна”.

У заяве адзначаецца недапушчальнасць пераследу за “рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод”.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў “прывесці антыэкстрэмісцкае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека”.

Падкрэсліваецца, што “адвольны завочны пераслед за правамерную дзейнасць у абарону правоў чалавека” становіцца ў Беларусі сістэмным: “Распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Алены Маслюковай, Ігара Казмерчака, іншых праваабаронцаў”.

На думку ПЦ “Вясна”, “заганнасць такой практыкі пагаршаецца поўным адмаўленнем уладамі Беларусі працэсуальных гарантый і асноўных прынцыпаў справядлівага правасуддзя пры ажыццяўленні пераследу ў парадку спецыяльнай вытворчасці”, што “надае асуджэнню рысы расправы, якая здзяйсняецца ад імя дзяржавы”.

17 чэрвеня Судаленка завочна прыгавораны Гомельскім абласным судом да пяці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму. Ён таксама павінен выплаціць штраф у памеры 650 базавых велічынь (26.000 рублёў). Праваабаронца абвінавачваўся паводле ч. 1 і 2 арт. 3614 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Судаленка — былы палітвязень. У рамках першай крымінальнай справы ён быў затрыманы 18 студзеня 2021 года, абвінавачаны ў “арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”, “падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў такіх дзеяннях, а таксама іх фінансаванні або іншым матэрыяльным забеспячэнні” (ч.1 і 2 арт. 342 КК).

3 лістапада 2021 года суд Цэнтральнага раёна Гомеля (суддзя Сяргей Салоўскі) прыгаварыў праваабаронцу да трох гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Ён вызваліўся пасля адбыцця пакарання ў ліпені 2023 года і пакінуў краіну.

17 студзеня 2024 года Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН даслаў Судаленку рашэнне з нагоды скаргі аб сістэматычных парушэннях недатыкальнасці яго прыватнага жыцця, гарантаванага арт. 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Судаленка звяртаўся ў КПЧ з нагоды паглыбленых надглядаў на мяжы і існавання “палітычнага спісу” ў памежнікаў у 2015 годзе. Мяркуючы па нумары (№2929/2017), скарга была прынятая ў 2017 годзе.

КПЧ прыйшоў да высновы, што кожны чалавек павінен мець права ведаць якія персанальныя даныя і для якіх мэт захоўваюцца ў аўтаматычных базах дзяржаўных органаў. Таксама кожны павінен мець магчымасць высветліць, якія дзяржорганы кантралююць або могуць кантраляваць персанальныя даныя і іх адпаведнасць рэчаіснасці.

Згодна з прынятым рашэннем, беларускі ўрад павінен забяспечыць пацярпеламу эфектыўную прававую абарону, уключаючы поўнае пакрыццё шкоды і любых выдаткаў, якія ён меў. Беларусь абавязаная таксама прыняць меры для папярэджання аналагічных парушэнняў у будучыні.

Падзяліцца: