Мінск 03:21

Ціханоўская абмеркавала з міністрам замежных спраў Арменіі нявыдачу беларусаў афіцыйнаму Мінску

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

20 чэрвеня, Позірк. Палітычную сітуацыю ў Беларусі абмеркавала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская з міністрам замежных справаў Арменіі Араратам Мірзаянам падчас сустрэчы ў Вільнюсе.

Як паведамляе 20 чэрвеня прэс-служба беларускага палітыка, бакі абмеркавалі “палітычную сітуацыю ў Беларусі, Арменіі і рэгіёне”, а таксама “супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з урадам, парламентам і грамадзянскай супольнасцю Арменіі”.

“Асобна Ціханоўская і Мірзаян пагаварылі пра становішча беларусаў і беларусак у Арменіі, а менавіта — пра нявыдачу беларускіх грамадзянаў па запыту рэжыму”, — удакладняецца ў рэлізе.

Дэмлідар выказала спадзяванне на працяг “шчыльнага супрацоўніцтва паміж Арменіяй і дэмакратычнымі сіламі Беларусі”.

“Народы Арменіі і Беларусі заслугоўваюць свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую будучыню”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Армянскі бок аб сустрэчы не паведамляе.

Гэта другая сустрэча палітыкаў. 5 кастрычніка 2023 году на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці ў іспанскай Гранадзе дэмлідар перадала словы падтрымкі армянскаму народу ў сувязі з тагачаснай сітуацыяй у Нагорным Карабаху падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Ніколам Пашынянам і Мірзаянам.

12 чэрвеня Пашынян падчас выступу ў парламенце краіны абвінаваціў АДКБ у тым, што асобныя члены “планавалі вайну” супраць Арменіі з Азербайджанам. Пра тое, што Ерэван замарозіў удзел у АДКБ, Пашынян заявіў 23 лютага ў інтэрв’ю тэлеканалу France 24 і пазней неаднаразова паўтараў на міжнародных сустрэчах.

13 чэрвеня кіраўнік урада сказаў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Мінску знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка — у кантэксце заяў таго аб карабахскім канфлікце на сустрэчы з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

У той жа дзень бакі ўзаемна адклікалі амбасадараў для кансультацый, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз заявіў, што Беларусь не збіраецца пагаршаць адносіны з Арменіяй, “колькі б армянскае кіраўніцтва да гэтага ні падштурхоўвалі знешнія гульцы”.

14 чэрвеня МЗС Арменіі паведаміла, што праз каментар ў адрас іх краіны Мінску накіраваная нота пратэсту.

Падзяліцца: