Мінск 02:57

Шумілінскі ксёндз Анджэй Юхневіч прызнаны палітвязнем

Архіўнае фота: catholic.by

25 чэрвеня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітычным вязнем пробашча парафіі касцёла Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласць) Анджэя Юхневіча, вынікае з супольнай заявы, апублікаванай на сайце цэнтра “Вясна”.

Праваабаронцы адзначылі, што ўлады выкарыстоўваюць адміністрацыйны пераслед для “падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў”.

У дакуменце канстатуецца, што некаторых затрыманых па адміністрацыйных справах неаднаразова паўторна арыштоўваюць, “такім чынам іх знаходжанне ва ўмовах пазбаўлення волі па працягласці супастаўна з крымінальным пакараннем”. Практыка вынясення некалькіх арыштаў запар, гаворыцца ў заяве, “і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску”.

“Анджэй Юхневіч, каталіцкі святар, правёў за кратамі ўжо 45 дзён, — падкрэслілі праваабаронцы. — Ён тройчы быў падвергнуты адміністрацыйнаму арышту, у тым ліку паводле артыкула 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь за правядзенне несанкцыянаванага пікету — размяшчэнне ўкраінскага сцяга ў акаўнце сацыяльнай сеткі, — і зноў арыштаваны, на тэрмін у 10 сутак”.

Яны патрабуюць ад уладаў скасаваць усе прынятыя ў дачыненні да Юхневіча судовыя рашэнні і неадкладна яго вызваліць, спыніць пераслед іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў, вызваліць усіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод, адпусціць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Офіс па правах людзей з інваліднасцю, Lawtrend.

Юхневіч быў затрыманы 8 траўня разам з ксяндзом Павлам Лемехам (выйшаў на волю 23 траўня).

На 25 чэрвеня ў Беларусі 1.425 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. У рэальнасці грамадзян, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значана больш.

Падзяліцца: