Мінск 23:26

Кавалеўскі абвясціў пра зняцце з сябе паўнамоцтваў у АПК (дапоўнена)

Архіўнае фота: "Позірк"

26 чэрвеня, Позірк. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па міжнародных справах Валер Кавалеўскі абвясціў 26 чэрвеня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” пра зняцце з сябе паўнамоцтваў.

Палітык напісаў, што “на гэтым напрамку з’явіліся разыходжанні ў стратэгічным бачанні шляхоў дасягнення мэтаў дэмакратычнага руху, у арганізацыі і тактыцы вядзення працы, а таксама ў падыходах да ўнутранай палітыкі”.

З ягоных слоў, за тры з паловай гады працы ў офісе дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай і ў АПК ім было “зроблена шмат змястоўнай працы ў замежнай палітыцы і дыпламатыі”.

Кавалеўскі выказаў падзяку Ціханоўскай за давер і калегам і міжнародным партнёрам — за “плённую супрацу”.

Міжнародная дзейнасць “павінна быць толькі дадаткам да працы па дасягненні зменаў у Беларусі”, дадаў палітык.

“Менавіта праца з беларускімі грамадзянамі, з беларускім бізнэсам, з беларускімі палітычнымі структурамі і грамадзянскімі ініцыятывамі з’яўляецца найскладанейшым, але і найбольш абгрунтаваным і перспектыўным шляхам дасягнення мэтаў руху: абароны незалежнасці Беларусі, аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту, усталявання канстытуцыйнага парадку ў нашай краіне і пераходу да дэмакратычнай формы кіравання”, — падкрэсліў Кавалеўскі.

У АПК сярод іншага ён курыраваў праект “пашпарта новай Беларусі”. Яго лёс пакуль невядомы.

Гл. таксама:

Праект “пашпарта новай Беларусі” “пакуль падвісае” — Латушка

Кавалеўскі: У “пашпарта новай Беларусі” дакладна ёсць перспектыва

Падзяліцца: