Мінск 23:04

Кіраўнік Мінабароны Польшчы: На мяжы з Беларуссю дзейнічаюць не мігранты, а орды бандытаў

Крыніца: старонка Уладзіслава Касіняка-Камыша ў Х

26 чэрвеня, Позірк. На мяжы з Беларуссю Польшча мае справу не з мігрантамі, якія спрабуюць атрымаць прытулак у Еўрасаюзе, а “ордамі бандытаў”, заявіў 26 чэрвеня ў Сейме польскі віцэ-прэм’ер — міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

Як паведамляе tvn24.pl, кіраўнік ваеннага ведамства прадставіў у парламенце праект паправак да законаў, якія рэгулююць дзеянні арміі, паліцыі і памежнай службы ў выпадку пагрозы дзяржаўнай бяспецы.

Паводле слоў Касіняка-Камыша, нелегалы “нападаюць на мяжу і спрабуюць атакаваць <…> польскіх жаўнераў і афіцэраў”, яны “падрыхтаваныя і навучаныя гэтаму”.

“Гэта вышэйшы ўзровень гібрыднай вайны, накіраванай супраць Рэспублікі Польшча, вышэйшы ўзровень гэтай вайны, накіраванай сёння супраць бяспекі польскай дзяржавы”, — сказаў ён.

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі заявіў 22 чэрвеня, што Варшава разглядае магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў у сувязі з дзеяннямі Беларусі.

13 чэрвеня на польска-беларускай мяжы пачала дзеянне буферная зона. Паводле інфармацыі МУС Польшчы, дзякуючы ёй колькасць спробаў парушэння мяжы скарацілася прыкладна на траціну.

11 чэрвеня Касіняк-Камыш заявіў на прэс-канферэнцыі, што на мяжы дзейнічаюць “арганізаваныя групы, абсталяваныя тэхнікай, якая прадстаўляе пагрозу для жыцця і здароўя вайскоўцаў”. Замежнікі, якія цяпер спрабуюць незаконна пранікнуць у Польшчу, “выглядаюць зусім інакш”, чым пры папярэдніх абвастрэннях міграцыйнага крызісу, дадаў міністр.

Пра напады на польскіх вайскоўцаў і памежнікаў нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Еўрасаюз з беларускай тэрыторыі, публічна паведамлялася ў канцы траўня і пачатку чэрвеня. На пасяджэнні Савета нацбяспекі 10 чэрвеня ў Беластоку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы здзейснена 50 нападаў на жаўнераў.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітэк падвергнуўся нападу мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

За некалькі гадзін да нападу на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі.

Дэмакратычныя сілы Беларусі ўсклалі адказнасць за гібель вайскоўца і атакі на мяжы на рэжым Лукашэнкі.

27 кастрычніка 2023 года, каментуючы патокі нелегальнай міграцыі з Беларусі ў краіны Еўрасаюза, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы не адстойнік, мы нікога тут лавіць не будзем. Тым больш вы (краіны Захаду. — “Позірк”.) іх паклікалі. Хай ідуць”.

Паводле яго слоў, перш Беларусь дапамагала ЕС абараняць яго знешнія рубяжы, бакі рэалізоўвалі сумесныя праекты па міграцыі. Мінск перастаў садзейнічаць барацьбе з нелегальнай міграцыяй, калі “Еўрасаюз увёў санкцыі і пачаў эканамічную вайну супраць Беларусі”.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца: