Мінск 16:51

У 2023 годзе за ўхіленне ад вайсковага прызыву асуджана 266 чалавек

Крыніца: Мінабароны

27 чэрвеня, Позірк. Аб скарачэнні колькасці грамадзян, якія прыцягваюцца да адказнасці за ўхіленне ад вайсковага прызыву, паведаміў у інтэрв’ю дзяржвыданню “СБ. Беларусь сёння” суддзя Вярхоўнага суда Уладзімір Давыдаў.

Паводле яго слоў, у 2016 годзе паводле арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу) было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

“Змяншаецца і колькасць чалавек, на якіх накладаюцца адміністрацыйныя спагнанні за няяўку на мерапрыемствы па прызыву. Хоць трэба сказаць, што гэты паказчык да нядаўняга часу заставаўся значным. Напрыклад, у 2020 годзе меры прынятыя ў дачыненні да 1.333 грамадзян, а ў 2018-м — 2.073”, — адзначыў Давыдаў.

На яго думку, “зніжэнне негатыўных даных статыстыкі” сярод іншага звязана з тым, што “грамадзяне сталі больш свядома падыходзіць да выканання свайго вайсковага абавязку, удзелу ў мерапрыемствах прызыву”.

“Акрамя таго, напэўна, усё ж такі працуе і адпаведнае інфармацыйнае забеспячэнне ўсёй гэтай дзейнасці, накіраванае на папярэджанне злачынстваў”, — сказаў суддзя.

У пачатку 2023 года былі перагледжаныя або зніжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы памежнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службе ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

16 траўня 2023 года Аляксандр Лукашэнка ўхваліў закон, які сярод іншага рэгламентуе абмежаванні на выезд грамадзян з Беларусі. Згодна з дакументам, КДБ надзяляецца правам не выпускаць з краіны грамадзян, “выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі”.

Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў беларускім грамадстве існуюць асцярогі ўцягвання ў вайну беларускага боку.

Падзяліцца: